Серада, 16 Кастрычнік 2019 10:04

У Бараўлянах адбылося адкрыццё новага сезона ў араторыі

Аўтар Святлана Радцэвіч і Аліна Тамашэвіч

12 і 13 кастрычніка ў араторыі імя св. Дамініка Савіо ў Бараўлянах адбылося ўрачыстае адкрыццё новага сезона ў моладзевым і дзіцячым араторыях.

У субботу 12 кастрычніка моладзь з Бараўлянаў і Мінска сабралася на святкаванне адкрыцця моладзевага араторыя. Распачалося ўсё са святой Імшы ў касцёле Марыі Успамогі Хрысціянаў. У гаміліі ксёндз дэлегат Віктар Гайдукевіч SDB разважаў аб пакліканні евангеліста Мацвея. Падчас казання святар падкрэсліў, што Бог глядзіць на нас як на найвышэйшае стварэнне, таму ў Яго вачах мы заўсёды годныя і каштоўныя.

Пасля св. Імшы гасцей запрасілі ў араторый, дзе адбылася другая частка ўрачыстага адкрыцця сезона. Падчас праграмы тром камандам трэба было спачатку паказаць сваё веданне музычных твораў у конкурсе “Угадай мелодыю”, затым прадэманстраваць свае вакальныя здольнасці ў караоке і напрыканцы станцаваць. Потым ўсіх чакала традыцыйнае салезіянскае слоўка, салодкі стол і дыскатэка. Вечар завяршыўся супольнай малітвай і развітаннем з гасцямі.

У нядзелю 13 кастрычніка адкрыццё дзіцячага араторыя распачалося святой Імшой а 11.30. Праграма была прысвечана надыходзячаму святу мам. Падчас гульняў дзеці павіншавалі сваіх матуль, выказваючы ім словы падзякі і дэманструючы свае танцы. Таксама ў дзетак была магчымасць намяляваць для мам прыгожы малюнак. Падчас свята падарунак атрымаў і араторый: удзельнікі праграмы намалявалі дрэва з адбіткамі сваіх далоняў.

Свята скончылася салодкім сталом і традыцыйным слоўкам, якое прамовіў ксёндз Казімір Шыдэлко SDB. Святар заахвоціў дзяцей як мага часцей прыходзіць да араторыя, бо падчас гульняў, танцаў і спеваў удельнікі араторыя не толькі весяляцца, але і не грашаць.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Будзь радасным, але няхай гэтая радасць будзе шчырая, якая зыходзіць з усведамлення, вольнага ад граху. Нашаю апораю з’яўляюцца радасць, малітва і святая Камунія

Св. Ян Боско