Панядзелак, 30 Верасень 2019 13:06

28 верасня ў Смаргоні адбылося ўрачыстае акрыццё аратарыйнага сезона

Аўтар

28 верасня салезіянскі араторый імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры смаргонскай парафіі св. Міхала Арахнёла, урачыста распачаў новы аратарыйны сезон. Святочная праграма распачалася з сустрэчы з Хрыстом на святой Імшы.

Падчас Эўхарыстыі адказны за смаргонскі араторый кс. Артур Ляшнеўскі SDB разважаў падчас гаміліі пра маўчанне апосталаў, якія пачулі ад Збаўцы пра яго пакутніцкую смерць. “Апосталы бачылі Езуса так, як ім хацелася, а не так як хацеў ім паказаць сябе Ён. Мы таксама часта малюем сабе партрэт Хрыста, які адпавядае нашаму стылю жыцця, вешаем яго як ікону сабе на сценку і адаруем. Аднак Бога трэба прыняць цэласна – ўсяго, з яго хвалой і яго пакутамі. Так хрысціяне павінны прымаць волю Айца, якая з’яўляецца найлепшым партрэтам Бога ў нашым жыцці”, – прамовіў святар.

Пасля сустрэчы за Эўхарыстычным сталом моладзь накіравалася ў араторый, дзе яе чакаў цікавы забаўляльны вечар. Аніматары прыгатавалі праграму, стылізаваную пад папулярную тэлеперадачу “Вячэрні Ургант”. Да смаргонскага “Урганта” завіталі ў студыю госці з араторыя, якія распавядалі пра лад жыцця ў ім, а таксама праводзілі конкурсы і гульні.

Пасля праграмы адбылася традыцыйная дыскатэка, а завяршэннем стала прыгатаванае аніматарамі слоўка, падчас якога былі прадстаўлены правілы смаргонскага араторыя. Варта зазначыць, што на адкрыццё смаргонскага араторыя завіталі госці з Мінска на чале з кс. Алегам Каралёвым SDB.

Пасля завяршэння святкавання ў араторыі моладзь вярнулася ў касцёл, дзе трывала 40-гадзіннае набажэнства, якое мела мэту падрыхтаваць вернікаў да парафіяльнага свята св. Міхала Арханёла. Моладзь аніміравала ў святыні частку начнога чування. Тэмай чування быў князь нябеснага войска св. Міхал. Карыстаючыся урыўкамі кнігі прарока Даніэля, маладыя людзі разам з вернікамі разважалі над рысамі святога Арханёла. Завяршылася адарацыя вігілійнай Імшой у 00.00 і працэсіяй з абразом св. Арханёла Міхала вакол касцёла.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Трэба каб былі укрыжаваныя разам з Езусам Хрыстом. Яго крыж з’яўляецца флагам і штандарам. Хто не хоча яго наследваць, не годзен быць яго вучнем

Св. Ян Боско