Субота, 31 Жнівень 2019 00:06

У Смаргонi ўрачыста адкрылi спартыўную пляцоўку

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

28 жніўня ў смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла каля моладзевага араторыя імя св. Яна Боско была ўрачыста адкрыта спартыўная пляцоўка імя благаслаўлёнага салезіяніна Стэфана Шандора. На спартыўнае свята была запрошана моладзь з усіх салезіянскіх араторыяў Беларусі. Маладыя людзі пазмагаліся за першы спартыўны трафей на новай пляцоўцы, абараняючы гонар свайго араторыя ў валейбольных спаборніцтвах.

Распачалося адкрыццё з малітвы і словаў падзякі ад рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктара Гайдукевіча SDB. Ксёндз дэлегат выказаў словы падзякі усім, дзякуючы каму паўстала пляцоўка: Смаргонскаму раённаму выканаўчаму камітэту, ДРСУ №134, філіялу КУП “ГРОДНААБЛБУД”, Гапону Мікалаю Мікалаевічу з УП “Iнстытут Маладзечнапраект”, Тоўкачу Валянціну Баляслававічу і прадстаўніцы дабрачыннай арганізацыі “Карытас Лінц” Зігрыт Шпільдэльбэк, якая аказвала фінасавую дапамогу. Новапабудаваная пляцоўка была перададзена на рукі мясцовым святарам - ксяндзу Алегу Жураўскаму SDB, дырэктару смаргонскай салезіянскай супольнасці, і ксяндзу Артуру Ляшнеўскаму SDB, адказнаму за араторый св. Яна Боско, якія будуць клапаціцца, даглядаць і арганізоўваць дзейнасць на спартыўным аб’екце.

Пасля пляцоўка была ўрачыста асвечана і была перарэзана сімвалічная чырвоная стужка. Моладзь вышла на штучны газон, каб прадэманстраваць свае спартыўныя таленты. Першымі за перамогу змагаліся араторыі Дзятлава і Бараўлянаў. Было відавочна, што дзятлаўская моладзь была лепш падрыхтаваная, маладыя людзi не пакінулі Бараўлянам ніводнага шансу і трапілі ў фінал. У другой гульні гаспадары пляцоўкі таксама без вялікіх перашкод перамаглі Мінск. У матчы за бронзу барацьба была больш напружанай, але юнакі і дзяўчаты з Бараўлянаў паказалі сапраўдны спартыўны характар і заваявалі трэццяе месца. Фінал стаў сапраўдным упрыгожваннем турніру - добрыя камбінацыі, блокі, розыгрышы - гледачы ўбачылі ўсё, за што мы любім валейбол. У выніку ўпартай барацьбы запаветны кубак адправіўся ў Дзятлава.

Напрыканцы вечара была паказана сцэнка пра жыццё благаслаўлёнага Стэфана Шандора, якую падрыхтавала моладзь са смаргонскага араторыя. Кожная каманда атрымала прызы і ўзнагароды за ўдзел. А завяршылася свята традыцыйным салезіянскім слоўкам на добрую ноч.
Пляцоўка імя благаслаўлёнага Стэфана Шандора адкрыта, і зараз будзе выкарыстоўвацца на карысць моладзі ў справах выхавання.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Да хваробаў душы трэба адносіцца так жа сур’ёзна, як да хваробаў цела.

Св. Ян Боско