Панядзелак, 12 Жнівень 2019 08:05

Чатыры сястры салезiянкi аднавiлi манаскiя абяцаннi ў Смаргонi

Аўтар

5 жніўня ў парафіi св. Міхала Арханёла ў Смаргоні маладыя сёстры салезіянкі аднавілі свае манаскія абяцанні. Сярод iх былi с. Юлія Клявец FMA і с. Дар’я Еўтухоўская FMA, якiя нясуць паслугу ў Беларусi, а таксама с. Наталля Іванова FMA і с. Хрысціна Кароль FMA, сёстры з Украіны.

Падчас святой Імшы, якую цэлебраваў пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB разам з кс. Артурам Ляшнеўскім SDB і кс. Паўлам Шчарбіцкім SDB, маладыя сёстры салезіянкі ў прысутнасці настаяцельніцы візітаторыі Усходняя Еўропа і Грузія сястры Габрыэлі Родэ FMA ўрачыста аднавілі сваё “так” Богу, прамоўленае некалькі гадоў таму.

Падчас казання кс. Алег Жураўскі SDB звярнуў сваю ўвагу на тое, што Пан Бог – сейбіт, які выходзіць сеяць і сёння, таму маладым людзям патрэбна адвага, каб вырасціць пасеянае зерне, не заглушаючы яго цернем.

Пасля святой Імшы і слоў віншавання ўсе прысутныя былі запрошаны на пачастунак.

Фотаздымкі Віялеты Вайтко

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Не пакідаем душы ў небяспецы і цяжкасцях. Молімся з даверам і Бог дасць дапамогу, якую абяцаў тым, хто працуе Яго на карысць.

Св. Ян Боско