Панядзелак, 12 Жнівень 2019 08:01

Летнік для дзяўчат прайшоў у аграгадку Бярэзінскае

Аўтар

З 1 па 10 жніўня ў аграгарадку Бярэзінскае (Маладзечанскi р-н, Мiнская вобл.) адбыліся рэкалекцыі для дзяўчат, якія праводзілі сёстры салезіянкі.

На працягу 10 дзён дзяўчаты разам з с.Тэрэсай Сольнічэк FMA і с. Валянцінай Кот FMA разважалі над тэмай “Чалавек па сэрцу Бога”, гледзячы на жыццё цара Давіда.

Кожны дзень дзяўчаты мелі магчымасць глыбей паглядзець на сваё жыццё дзякуючы тэмам, якiя гучалi наступным чынам: “Пакліканне”, “Давер”, “Грэх”, “Праслаўленне Бога“, “Шчасце ў паўсядзённым жыцці”. Кожны дзень дзяўчаты слухалi канферэнцыі, маглi пабыць сам-насам, разважаючы над Словам Божым, мелi магчымасць удзельнічаць у святой Імшы, якую адпраўляў кс. Сяргей Бараўнёў, а таксама ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Запрошаным госцем лагера стала с. Вікторыя Чэкан, студзітка грэка-каталіцкага абраду, якая пастаралася раскрыць дзяўчатам тэму “Мае адносіны з Богам” праз розныя дынамікі і размовы.
Таксама ў удзельнiц лагера была магчымасць паехаць у Смаргонь на св. Імшу, падчас якой чатыры сястры салезіянкі аднавілі свае шлюбы. Дзяўчатам было цікава пабываць на свяце, якое падштурхнула iх задумацца над сваёй будучыняй.

Прабыванне разам, малітва, гурткі, размовы – усё гэта дапамагала добра адпачыць і ўзмацніцца духоўна і фізічна.

Клімат, які быў створаны самой групай, дапамагаў кожнаму адчуваць сябе добра і яшчэ больш адкрыцца на патрэбы іншых і зразумець, што кожны з нас вельмі важны ў вачах Бога і што мы павінны Яго праслаўляць сваім жыццём, як гэта чыніў цар Давід.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Не пакідаем душы ў небяспецы і цяжкасцях. Молімся з даверам і Бог дасць дапамогу, якую абяцаў тым, хто працуе Яго на карысць.

Св. Ян Боско