Аўторак, 23 Ліпень 2019 19:44

Вакацыi з Богам прайшлi ў Бараўлянах

Аўтар

У араторыі імя св. Дамініка Савіо, які дзейнічае пры парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах, з 10 па 19 ліпеня 2019 года адбыліся Вакацыі з Богам. Разам з сястрой Люцыяй Бальцэвіч FMA, клерыкам Юрыем Пашкаўцом SDB і некалькімі аніматарамі 37 дзяцей разважалі над тэмай, якая гучала наступным чынам: “Школа жыцця і любові са святой Марыяй Дамiнікай Мадзарэлло”.

Распачынаўся лагер у першы дзень святой Імшой і скончыўся таксама сустрэчай з Богам у Эўхарыстыі, якую цэлебраваў ксёндз Казімір Шыдэлка SDB. Салезіянская супольнасць і некаторыя з бацькоў клапаціліся пра смачны абед і падвячорак кожны дзень. На працягу васьмі дзён удзельнікі лагера знаёміліся з гісторыяй жыцця і дзейнасці святой Марыi Дамiнікi Мадзарэлло, якая прысвяціла сваё жыццё Богу праз службу патрабуючым і найбяднейшым дзяўчатам. Марыя Дамiніка разам са святым Янам Боско заснавала кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў. Сёстры з гэтай кангрэгацыі і сёння працягваюць місію служэння патрабуючай моладзі ва ўсім свеце.

Падчас вакацый дзеці разважалі таксама і пра сваё жыццё: пра сям'ю, адносіны з Богам, пакліканне, духоўных сяброў, любоў да бліжняга, любоў да Маці Божай.

Вакацыі з Богам сталі магчымасцю весела правесці час разам у малітве, у розных цікавых гульнях, у танцах, а таксама развіць і прадэманстраваць свае мастацкія, музычныя, тэатральныя і іншыя таленты, знайсці новых сяброў і проста адпачыць.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Гаворачы пра важныя справы, сказаць, што «ідуць па-малу», азначае тое самае, калі б мы сказалі, што ўсё дрэнна

Св. Ян Боско