Нядзеля, 21 Ліпень 2019 14:36

Летнія вакацыі з Богам прайшлi ў Мінску

Аўтар Анастасія Барысік і Вікторыя Коктыш


У араторыі імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля (Серабранка), з 10 па 19 ліпеня адбыліся Вакацыі з Богам для дзяцей з трэцяга па сёмы клас.
Нягледзячы на тое, што шмат дзяцей ад’язджаюць на лета да бабуль у вёскі ці праводзяць свой час у іншых лагерах, было шмат маладых і прыгожых сэрцаў, якія прагнулі з карысцю правесці свой летні час і наблізіцца да Бога.

Кожны з васьмі дзён лагера пачынаўся такімі словамі гімна:
“Гэй на на на най,
Калі святым будзеш, трапіш у рай.
Гэй на на на най,
Але не ўсё проста, змагацца давай”.

Гiмн вакацый быў звязаны з дэвізам Салезiянскай сям'i на бягучы год: “Святасць таксама і для цябе”.

На працягу васьмі дзён 30 дзетак разам з аніматарамі, кс. Паўлам Шчарбіцкім SDB, с. Дар’яй Еўтухоўскай FMA і кл. Міхаілам Радзевічам SDB разважалі над святасцю, а менавіта шукалі адказ на пытанне, што такое святасць.

Удзельнікі вакацый працавалі над наступнымi тэмамі:“Будаваць адносіны”, “Быць рашучым”, “Памыляцца і выпраўляцца”, “Падтрымка”, “Сумленна працаваць” і іншыя. Кожная тэма, кожны дзень лагера - гэта не толькі разважанні пра сваё жыццё, але асабісты ўзрост і яшчэ некалькі крокаў наперад на шляху да святасці.

Праграма вакацый была вельмі насычанай: штодзённая супольная Эўхарыстыя, гульні, воркшопы, спевы, малітвы, бансы, выезды і шмат іншага, што дапамагала весела і плённа перажываць лагер. Асаблівую цікавасць дзеці праяўлялі да воркшопаў, падчас якiх яны вучыліся завязваць гальштук, накрываць на стол, прыбіраць, прышываць гузікі і забіваць цвікі. А тыя веды і ўменні, якія дзецi набывалі ў лагеры, яны рэалiзоўвалi ў сваіх дамах, выконваючы даручанае ім хатняе заданне.
Кульмінацыйным момантам лагера стаў апошні воркшоп, які праходзіў у выглядзе традыцыйнага канцэрта, падчас якога дзеці разам з аніматарамі маглі падзяліцца са сваiмi роднымi ўсім тым, чаму яны навучыліся падчас вакацый, а таксама падарыць прысутным cтаноўчыя эмоцыii.

Напрыканцы апошняга дня вакацый з традыцыйным салезіянскім слоўкам на добрую ноч звярнуўся да прысутных кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Святар падкрэсліў, што важна імкнуцца да святасці і гэта магчыма праз простыя рэчы ў штодзённым жыццi. Але важна ўмець цанiць гэтыя рэчы і дзякаваць за iх.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Памятайце, што ўшанаванне нядзельных свят прыносіць Божае благаслаўленне на ўсе справы тыдня

Св. Ян Боско