Нядзеля, 30 Чэрвень 2019 18:11

Салезiянiн Юрый Пашкавец склаў вечныя манаскiя шлюбы

Аўтар

30 червеня ў Смаргонi падчас святой Імшы, з якой удзельнікі салезіянскай моладзевай евангелізацыйнай пілігрымкі распачалі свой шлях да Мацi Божай Будслаўскай, малады сабрат Юрый Пашкавец SDB склаў вечныя манаскія абяцанні на рукі рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB.

Юрый вельмі жадаў перажыць гэты важны момант разам з моладдзю, найлепшай магчымасцю для гэтага стала святая Імша на распачыцце пілігрымкі. Акрамя пілігрымаў на супольную малiтву прыехалі сябры і родныя маладога салезiянiна, каб раздзяліць ягоную радасць.

Вечныя манаскія абяцанні з’яўляюцца адным з найважнейшых момантаў у жыцці духоўнай асобы, якая жадае прысвяціць сваё жыццё выключнаму служэнню Богу і людзям. Сабрат Юрый назаўсёды звязаў сябе абяцаннямі чысціні, паслухмянасці і беднасці. Перад гэтым адказным крокам малады салезіянін тры дні правёў у Гудагаі ў супольнасці братоў кармэлітаў, удзельнiчаючы ў рэкалекцыях і перажываючы малітоўную падрыхтоўку.

У казанні ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB звярнуўся да маладога сабрата са словамі айцоўскага настаўлення. Рэгіянальны настаяцель звярнуў увагу прысутных на словы сённяшняга Евангелля, а таксама падкрэслiў розніцу стаўлення да паклікання ў Старым і Новым Запаветах. Святар адзначыў, што пакліканне з'яўляецца нiчым iншым, чым пілігрымаваннем да дому нябеснага Айца. Ксёндз Віктар дадаў, што складзенныя Юрыем вечныя шлюбы з'яўляюцца бачным сведчаннем актуальнасці салезіянскай харызмы ў сучасным свеце. Таксама святар раскрыў сутнасць і вартасць абяцанняў, якія складае Юрый. На завяршэнне ксёндз дэлегат задаў усім прысутным тры пытанні: "Калі не я, то хто? Калі не цяпер, то калі? Калі я жыву выключна для сябе, то хто я тады такі?". Гэтыя пытаннi варта задаваць сабе кожнаму, варта не баяцца адказаць голасу Бога ў сваiм сэрцы "Так". Але таксама варта памятаць, што паклiканне не датычыцца толькi кансэкраваннага жыцця, хтосьцi паклiканы да сямейнага жыцця, хтосьцi – да жыцця ў адзiноце.

Перад усімі пілігрымамі і сабратамі малады салезіянін зачытаў прысягу, напісаную ўласнай рукой, у якой паабяцаў захоўваць шлюбы чысціні, паслухмянасці і беднасці праз усё жыццё ў салезіянскім Таварыстве.

Таксама сабрат Юрый атрымаў з рук ксяндза дэлегата салезіянскі крыж, які ён зараз будзе насіць як знак трывалай прыналежнасці да салезіянскага Таварыства.

Юрый Пашкавец SDB, склаўшы вечныя манаскія абяцанні, распачаў новы этап ў салезіянскім Таварыстве. Заклікаем усіх да малітоўнай падтрымкі маладога салезіяніна на шляху паклiкання.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

У цяжкасцях і ў змаганні ніколі не забывай, што маем вялікую ўзнагароду прыгатаваную для нас у небе

Св. Ян Боско