Чацвер, 20 Чэрвень 2019 21:06

Салезіяне Беларусі перажылі дзень засяроджання

Аўтар

18 чэрвеня салезіяне Беларусі перажылі дзень засяроджання. Месцам правядзення дня духоўнай адновы была выбрана салезіянская супольнасць Св. Яна Боска ў Мінску.

Штомесячныя і квартальныя дні засяроджання з'яўляюцца традыцыйным момантам у салезіянскай духоўнасці. Сыны ксяндза Боска затрымліваюцца ў сваёй дзейнасці, каб паглыбіць свой кантакт з Богам і аднавіць матывацыю ў справе збаўлення душаў.

Тэматыкай гэтага дня засяроджання была салезіянская супольнасць і братэрскі дух у яе нетрах. Падчас рэкалекцый салезiяне прыпомнілi аб "Лісце з Рыму", які кс. Боско напісаў сваім духоўным сынам за 4 гады да смерцi. Гэты ліст прадстаўляе ідэальную супольнасць салезіянаў і выхаванцаў, якая квітнее на глебе самаахвярнасці і цалкавітага даверу. З упэўненасцю можна сцвердзіць, што такая супольнасць павінна быць мэтай для кожнага салезіянскага дому, аднак падчас разважанняў святары прыйшлi да высновы, што ў першапачатковай супольнасці на Вальдокко не было ўсё так дасканала. Салезiяне прыпомнілi некалькі цяжкiх сітуацый, калі кс. Боско быў вымушаны патрабаваць радыкальнага падпарадкавання моладзі вызначаным правілам. Не заўсёды маладыя людзі з першага араторыя слухаліся настаўленняў апостала Турыну. Часта шкоднікаў аратарыйнай дысцыпліны, якія сеялі злы прыклад, кс. Боско быў вымушаны выдаліць, каб не сапсаваць іншых. Аднак між цяжкіх сітуацый і шматлікіх выпрабаванняў святому ўдалося стварыць на Вальдокко непаўтаральны сямейны клімат, які сваёй прывабнасцю прыцягваў шматлікія маладыя сэрцы.

Пачас дня засяроджання было падкрэслена, што вяртанне да першапачатковага сямейнага духу салезіянскай супольнасці ідзе праз шлях глыбокага сяброўства з Богам. Сямейны дух супольнасцяў на сто адсоткаў залежыць ад таго, ці ставім мы Бога на першае месца ў сваім жыцці і як паказваем сваю ўзаемнасць праз асабістую малітву.

Квартальны дзень засяроджання быў завершаны канвентуальнай Эўхарыстыяй, падчас якой асаблівым чынам былі вылучаны сабраты кс. Казімір Шыдэлко SDB і кс. Здзiслаў Пікула SDB, якія ў гэты дзень адзначалі гадавіну свайго святарскага пасвячэння.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі хочам прасіць дапамогі нашага Добрага Бога Айца, павінны быць гатовыя ахвяраваць усё.

Св. Ян Боско