Аўторак, 18 Чэрвень 2019 00:14

У Жупранах адзначылі 25-годдзе святарскага жыцця ксяндза Казіміра Муравы SDB

Аўтар

16 чэрвеня ў парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах адзначылі 25-годдзе святарскага жыцця ксяндза Казіміра Муравы SDB. Значную частку з гэтых 25 год ксёндз Казімір нёс пастырскую паслугу на Беларусі, зараз ён з’яўляецца пробашчам парафіі ў Жупранах.

Каб раздзяліць гэты прыгожы момант з юбілярам, на свята прыбыло шмат гасцей: святары салезіяне на чале з рэгіянальным настаяцелям салезіянскага таварыства на Беларусі ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB, святары з навакольных парафій і сябры ксяндза Казіміра, сёстры салезіянкі і сёстры назарэтанкі, а таксама шматлікія вернікі. Святую Імшу спевам упрыгожваў парафіяльны хор Фарнага касцёла ў Лідзе, які таксама ў гонар свята даў невялічкі канцэрт пасля завяршэння службы.

Казанне прамовіў ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Разважаючы над таямніцай Тройцы і над Асобай Духа Святога, ксёндз Віктар адзначыў, што Дух Святы асаблівым чынам прысутнічае ў святых сакрамэнтах, таксама і ў сакрамэнце святарства. “Кожны юбілей у святарскім жыцці – гэта крыніца нашай удзячнасці Богу за атрыманыя ласкі”.

“Калі б сам святар зразумеў, кім ён ёсць, то памёр бы ад уражання, бо сам Бог падпарадкоўваецца яму, ён кажа словы асвячэння, і наш Пан спускаецца з нябёс, шчасце цэлебрацыі Святой Імшы будзе зразумела ім толькі на нябёсах”, – гэтыя словы святога Яна Марыя Віянэя кс. Віктар узгадаў, каб падкрэсліць вялікую годнасць святарства. У той жа самы час святары пастаўлены, каб служыць людзям і рабіць усё дзеля дабра сваёй паствы. Напрыканцы сваіх разважанняў дэлегат заклікаў усіх прысутных маліцца за юбіляра, а таксама за ўсіх святароў, бо малітва святарам вельмі неабходная, гэта прыгожая падзяка за іх служэнне.

Напрыканцы святой Імшы адбыўся момант віншавання, шматлікія вернікі, святары і сёстры выказвалі свае словы падзякі і любові да ксяндза Казіміра. Варта адзначыць, што суполка парафіянаў, натхнёная словамі ксяндза Віктара, далучылася да апостальскага руху “Маргарытка” і будзе праз усё жыццё атуляць ксяндза Казіміра сваёй штодзённай малітвай.

Узяў слова таксама і сам ксёндз Казімір. Святар падзякаваў усім за прыгожыя словы і адзначыў, што ў першую чаргу трэба дзякаваць Пану Богу, бо без Яго ён нічога бы не здолеў зрабіць. Юбіляр дадаў, што толькі падпарадкаваўшыся волі Бога, ён можа сёння перажываць прыгожы юбілей дваццаціпяцігоддзя святарскага жыцця.

 

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі вашай душы або целу будзе нешта пагражаць, звярніцеся да свайго Анёла Ахоўніка, і я запэўніваю, што ён будзе суправаджаць вас і абараняць.

Св. Ян Боско