Панядзелак, 10 Чэрвень 2019 21:02

Першая прыміцыйная Імша новапрэсбітэра Артура Ляшнеўскага SDB адбылася ў Мiнску

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

9 чэрвеня адбылася першая прыміцыйная Імша новапрэсбітэра Артура Ляшнеўскага SDB. Імша адбылася ў мікрараёне Сухарава ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якой апякуюцца айцы марыяне і якая з’яўляецца роднай для ксяндза Артура.

У гэты важны і хвалюючы для новага святара момант яго суправаджаў і падтрымліваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі SDB, а таксама сабраты салезіяне на чале з рэгіянальным настаяцелям салезіянскага таварыства на Беларусі ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB. Сустракаў ксяндза Артура мясцовы пробашч Аляксандр Шамрыцкі МІС.

Распачалася святая Імша з урачыстай працэсіі - ксяндза Артура ў традыцыйным для такіх момантаў зялёным вянку ўрачыста ўвялі ў святыню, да алтара, дзе новы святар упершыню ў сваім жыцці ўласнымі рукамі здзейсніў цуд перамянення хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста.

Гамілію да сабраных вернікаў прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх адзначыў вялікі сімвалізм таго, што прыміцыі ксяндза Артура супалі са святам спаслання Духа Святога, бо гэтае свята можна назваць прыміцыямі Касцёла. Менавіта пасля дня пяцідзясятніцы апосталы распачалі сваю дзейнасць пад кіраваннем Духа Святога. Апостал Пётр стаў рыбаком людзей і, калі закінуў сетку, злавіў тры тысячы душ, менавіта столькі людзей паводле дзеяў апосталаў навярнулася і прыняло хрост пасля першага казання апостала Пятра. Так і ксёндз Артур з гэтага моманту будзе закідваць сеці і лавіць людскія душы.

Далей у сваіх разважаннях біскуп закрануў тэму высокай годнасці святарства. “Адзін святы казаў: “Святар узнесены над серафімамі, над самымі вышэйшымі анёльскімі хорамі, бо фактычна можам убачыць анёла ў фацімскіх аб’яўленнях, які ўдзяляе Святую Камунію, але анёл не можа кансэкраваць хлеб і віно, каб яны сталіся моцай Духа Святога Целам і Крывёю Хрыста, анёл не можа адпусціць грахі...”. Нягледзячы на гэта, святар з’яўляецца толькі прыладай, слабой і недасканалай, якая сама па сабе нічога не можа, але яна знаходзіцца ў руках Бога, для якога няма нічога немагчымага.

“Дарагі кс. Артур, у моцы Духа Святога і з Яго пакорай, усім сваім жыццём і служэннем нястомна давай сведчанне аб пазнанні Айца і Сына. Каб тыя, да каго будзеш пасланы, з усіх сіл вызнавалі Айца, Сына і роўнага ў Ім Духа святога. Няхай Ён праз тваю паслугу працягвае прыміцыі Касцёла, каб яны прыносілі шчодры плён выключна для хвалы Найвышэйшага і Усемагутнага Бога. Амэн!”, – такімі словамі біскуп Аляксандр завяршыў сваё казанне.

Пасля новапрэсбітэр з вялікім хваляваннем і пяшчотай здзейсніў малітву цэлебрацыі Святой Ахвяры.

Калі завяршылася святая Імша ксёндз Артур удзяліў благаслаўленне сваім родным і сябрам, святарам, сёстрам законным і ўсім прысутным.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Няхай у гэтым годзе ласка Пана няспынна будзе з вамі

Св. Ян Боско