Нядзеля, 09 Чэрвень 2019 20:56

Салезiянiн Артур Ляшнеўскі стаў святаром

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

8 чэрвеня 2019 года, ва ўспамін благаслаўлёнага салезіяніна-мучаніка Стэфана Шандора, у мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля ў святыні імя святога Яна Боско Артур Ляшнеўскі SDB атрымаў святарскае пасвячэнне. Сакрамант удзяліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскуп для Магілёва і Магілёўскай вобласці Яго Эксцэленцыя Аляксандр Яшэўскі SDB.

Вельмі радасная і хвалюючая падзея сабрала пад дахам святыні ўсю салезіянскую сям’ю Беларусі, святароў салезіянаў, сясцёр салезіянак, салезіянаў супрацоўнікаў, святароў і сясцёр з іншых манаскіх супольнасцяў, родных і сяброў дыякана Артура, шматлікіх вернікаў і, канешне, дзяцей і моладзь.


Уступнае слова на пачатку літургіі ўзяў рэгіянальны настаяцель салезіянскай сям’і на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Ён прывітаў усіх прысутных, асаблівым чынам прывітаў дыякана Артура і біскупа Аляксандра. Таксама кс. Віктар адзначыў, што падзея, якая сёння адбываецца, важная не толькі для салезіянскай сям'і, але і для ўсёй каталіцкай Беларусі. Дэлегат падзякаваў таксама родным дыякана: бацькам, бабулі, сястры, якія паўплывалі на станаўленне і выхаванне будучага святара.


У сваёй гаміліі біскуп Аляксандр адзначыў, што прэзбітэрскае пасвячэнне яшчэ аднаго сына беларускай зямлі з'яўляецца вялікім святам для нашага Касцёла. Становячыся святаром, Артур бярэ на сябе адмысловыя абавязкі і заданні: прызнанне і праслаўленне Бога, абвяшчэнне Яго славы, а таксама перапрашэнне за грахі свае і за грахі ўсіх людзей. Калі святар не ставіць на першае месца Езуса, ён становіцца эгацэнтрычным, пачынае прапаведаваць сябе і сваю славу.
Біскуп Аляксандр нагадаў прысутным характарыстыкі добрага пастыра. У першую чаргу гэта заданне і намер праз усё жыццё наследаваць выключна Езуса Хрыста. У сваіх словах, паводзінах, дзеяннях святары павінны адпавядаць таму, чаму навучаюць вернiкаў. Другая характарыстыка - гэта пабожнасць. Вера ў жывога Езуса ў табернакулюме, у Эўхарыстыі павінна быць у кожнага святара.
Найвышэйшай веліччу і ўпрыгожваннем кожнага святара з’яўляецца цэлебат. "У сучасным свеце можна пачуць пра балючыя моманты ламання цэлебату духоўнымі асобамі. Парушэнне цэлебату праяўляецца не толькі ў форме фізічных адносін, але і ў духоўнай форме, таму запрашаю цябе сёння, дыякан Артур, з большай моцай, з большым адданнем упрыгожыць сваё манаскае жыццё паслядоўным захаваннем цэлебату, а таксама шлюбаў чысціні". Таксама біскуп звярнуў увагу на заклік Папы Францішка пазбавіцца ў святарскім жыцці жадання абагачэння і прагнення славы. Наступнымі якасцямі, без якіх немагчыма ўявіць сабе добрага пастыра, з'яўляюцца руплівасць і паслухмянасць. І апошняй якасцю, якую ўзгадаў біскуп, з'яўляюцца веды. Нездарма перад святарскім пасвячэннем кандыдаты праходзяць доўгі шлях фармацыі, паглыбляючы свае веды, каб мець магчымасць дзяліцца імі з вернікамі, апавядаючы  пра Бога.


"Не бойся нікога і не бойся нічога, бо, як казаў святы апостал Павел, супакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрца тваё і думкі твае ў Езусе Хрысце, нашым Пану. Амэн", - такімі словамі завяршыў сваё айцоўскае настаўленне біскуп Аляксандр.
Пасля наступіў кульмінацыйны момант пасвячэння ў прэзбітэрскі стан, дыякан перад усімі сабранымі вернікамі выказаў намер выконваць абавязкі святара згодна з навукай Хрыста і Касцёла. Дыякан падышоў да біскупа і ў клаў свае складзеныя рукi ў ягоныя далоні, гэты жэст падкрэслівае цалкавітае адданне сваёй волі ў рукі Святой Маці – Касцёла. Затым дыякан Артур лёг ніцма перад алтаром, а ўсе прысутныя прамовілі словы літанii да жыхароў неба, просячы аб заступніцтве ўсіх святых для новага святара. Калі завяршылася літанiя, біскуп усклаў свае рукі на галаву кандыдата, за ім гэты жэст паўтарылі ўсе прысутныя святары. Ускладанне рук - гэта момант пераказання Духа Святога новаму прэзбітэру. Далей біскуп прачытаў кансэкрацыйную малітву, пасля чаго ўжо ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB апрануў стулу і арнат і заняў месца сярод сваіх сабратоў каля алтара, каб цэлебраваць першую ў сваім жыцці Эўхарыстыю.


Напрыканцы Імшы біскуп Аляксандр, не хаваючы вялікую радасць, выказваў падзяку ўсім прысутным за ўдзел у гэтай гістарычнай падзеі. Узяў слова таксама і ксёндз Артур. У малітоўнай форме ён падзякаваў Богу, біскупу і святарам, сабратам, бацькам, родным і блізкім, моладзі і ўсім прысутным, а таксама папрасіў усемагутнага Бога аб благаслаўленнi свайго святарскага шляху.


Першым месцам служэння ксяндза Артура стане салезіянская супольнасць у Смаргоні, дзе ён зойме пасаду эканома супольнасці і адказнага за моладзевы араторый імя святога Яна Боско.


Пасля святой Імшы ўсіх прысутных чакала святочная праграма, падрыхтаваная моладдзю і парафіянамі, невялікі пасілак і жывая музыка ў выкананні гурту “Боско-бэнд”.


Шматлікія вернікі падыходзілі да новага ксяндза, выказваючы свае віншаванні i пажаданні.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Пану Богу не падабаецца тое, што чыняць пад прымусам

Св. Ян Боско