Пятніца, 31 Май 2019 00:10

Карысны адпачынак па-салезiянскi: Don Bosco Youth Fest прайшоў у Смаргонi

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

З 24 па 26 мая ў Смаргоні пры парафіі Cвятога Міхала Арханёла адбыўся Don Bosco Youth Fest - дні моладзі ў салезіянскім стылі. Удзельнікі фэсту, якiх было больш за 120 чалавек, пачалі прыбываць у Смаргонь вечарам у пятніцу. Каля дзвярэй араторыя іх сустракалі арганізатары, праводзілася рэгістрацыя, рабіліся фотаздымкі. Афіцыйным пачаткам Don Bosco Youth Fest стала святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з асаблівай паслугай для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB.

На працягу трох дзён падчас казанняў біскуп Аляксандр і рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які цэлебраваў святую Эўхарыстыю ў суботу, раскрывалі тэму сустрэчы, якая была сугучна з дэвізам Салезіянскай сям’і на бягучы год: “Святасць таксама і для Цябе!”.

24 мая, ва ўрачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў, біскуп Аляксандр разважаў пра Марыю і пра яе тры галоўныя цноты, якія сёння могуць стаць дапамогай у падарожжы да святасці для нас: вера, уменне слухаць Бога i ўменне нястомна разважаць над тым, што кажа Бог.

На наступны дзень ксёндз Віктар звярнуў увагу на тое, што ў гісторыі кожнай святасці ў цэнтры стаіць Езус. Кожны са святых меў свае слабасці, асаблівасці характару, але дзякуючы Езусу, Якога яны паставілі на першае месца, святасць стала магчымай.

На галоўнай Імшы ў апошні дзень сустрэчы біскуп Аляксандр разважаў над роляй любові ў святасці кожнага чалавека. Тэмай любові прасякнута ўсё Евангелле, гэта самае галоўнае, чаму жадаў навучыць нас Езус, бо Ён Сам з’яўляецца прыкладам невымернай любові.

Тэма святасці і шляху да яе таксама была закранута і падчас вечара праслаўлення Пана на другі дзень фэсту. Мясцовая моладзь пад кіраўніцтвам дыякана Артура Ляшнеўскага SDB падрыхтавала кранальныя сцэнкі пра жыццё маладых святых і іх шлях да неба - складаны, але магчымы. Дзякуючы акцёрскім талентам маладых людзей удзельнiкi Don Bosco Youth Fest мелi магчымасць блiжэй пазнаёмiцца з такiмi святымi, як Стэфан Шандор, Александрына Марыя Да Коста, Альберт Марвэллі і слугой Божай Тэрэзай Вальсэ Пантэлліні.

Нельга не адзначыць, што 24 мая ў Смаргоні была закладзена вельмі прыгожая традыцыя - па вуліцах горада прайшла ўрачыстая працэсія ў гонар Марыі Успамогі Хрысціянаў. Вернікі парафіі разам з удзельнікамі Don Bosco Youth Fest прайшлі вуліцамі горада, молячыся ружанец і адначасова сведчылi пра сваю веру мясцоваму насельніцтву. Пачынаючы ад гэтага дня такая працэсія будзе адбывацца штогадова.

Акрамя малітоўнай часткі, для ўдзельнікаў была падрыхтавана таксама і частка практычная. Яна дзякуючы дыскусіі, абмеркаванням і кансультацыям вопытных спецыялістаў дапамагла моладзi знайсці адказы на хвалюючыя пытанні. У гэтым годзе падчас практычнай працы моладзь разважала над пытаннем гендарнай роўнасці, вучылася планаваць час i змагацца з хранічнай стомленнасцю, разважала над тым, як успрымаць асаблівых дзяцей, падымала пытанні пра залежнасць ад інтэрнэту і сацыяльных сетак, размаўляла пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі і камунікацыю, таксама была магчамасць наведаць майстар-клас па каталіцкаму спеву. 25 мая маладыя людзi мелi магчамасць самастойна паразважаць над гэтымі пытаннямі падчас працы ў “Сусветным кафэ”, а ў нядзелю, 26 мая, майстар-класы на вызначаныя тэмы праходзiлi пад кіраўніцтвам спецыялістаў.

Другая палова дня суботы была прысвечана культурна-забаўляльнай праграме. У складзе розных груп моладзь магла пазнаёміцца са славутасцямі і цікавымі гістарычнымі мясцінамі Смаргоншчыны, пагуляць у пейнтбол, праехацца на роварах, выпрабаваць свае здольнасці, прайшоўшы турыстычную паласу ў лесе, а таксама праплыць на байдарках і лодках па Віліі.

Завяршыўся Don Bosco Youth Fest у нядзелю падвядзеннем вынікаў, а таксама словамі ўдзячнасці ад ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB.

Гэта былi цудоўныя, інтэнсіўныя і вельмі карысныя тры дні, якія дапамаглі паказаць моладзі, што святасць не з’яўляецца нечым нерэальным, святасць - гэта плён штодзённай працы, працы разам з Езусам і Марыяй, працы, прасякнутай любоўю і самаадданасцю.

Фотаздымкі з Don Bosco Youth Fest можна ўбачыць на сайце sdb.by, у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”, а таксама ў Iнстаграме пад хэштэгам #Bosco_Fest

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Да хваробаў душы трэба адносіцца так жа сур’ёзна, як да хваробаў цела.

Св. Ян Боско