Панядзелак, 27 Май 2019 20:06

Don Bosco Youth Fest завяршыўся ў Смаргонi

Аўтар Уладзiслаў Зарэцкі ASC

У трэці і завяршальны дзень Don Bosco Youth Fest раніцай моладзь сустрэлася ў касцёле на супольную малітву. Прывітаўшыся з Панам у святыне, удзельнікі і парафіяне перайшлі на вуліцу, дзе на палявым алтары адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Падчас гаміліі біскуп узгадаў пра тыя рэчы, пра якiя мы супольна разважалі ў першыя два дні #Bosco_Fest, а таксама скіраваў свае думкі да Евангелля паводле Яна: "Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас, заставайцеся ў маёй любові". Iерарх падкрэсліў, што слова "любоў" самае галоўнае, але адначасова і самае цяжкое. Любоў знаходзіцца ў самым цэнтры Евангельскага вучэння, таксама любоў павінна знаходзіцца і ў самым цэнтры чалавечай душы. Любоў - гэта цяжкі труд, гэта адначасова і боль, гэта патаптанне свайго эгаізму, бо прасцей ненавідзець, з кімсьці ўвесь час змагацца, шукаць сабе ворагаў і прыдумваць кары. Нам лёгка любіць тых, хто любіць нас, хто нас паважае, лёгка любiць сваіх сяброў, але значна цяжэй адносіцца з любоўю да тых, хто глядзіць на нас коса, хто ўсім выглядам паказвае, што я для яго чужы. І толькі той, хто зведаў навуку Езуса Хрыста, можа навучыцца любіць тых, хто ненавідзiць яго.
Пасля Эўхарыстыі распачаўся першы этап працы майстар-класаў, вопытныя спецыялісты дапамагалі моладзі разабрацца ў шматлікіх пытаннях. Калі мінулі дзве гадзіны інтэнсіўнай працы, усе падсілакваліся абедам і мелі магчымасць наступныя дзве гадзіны папрацаваць з іншым спецыялістам.

Калі ўсе майстар-класы скончыліся, распачалося падвядзенне вынікаў, пасля якога ксёндз Віктар Гайдукевiч SDB падзякаваў усім спікерам і арганізатарам мерапрыемства, а таксама моладзі, якая правяла гэтыя тры дні разам з салезіянамі.

Don Bosco Youth Fest завяршыўся. Гэта былі цудоўныя тры дні, насычаныя яскравымі падзеямі. Плануйце свой час і не прапусціце #Bosco_Fest у наступным годзе!

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Найсвяцейшае Сэрца Езуса ёсць крыніцай ўсялякага благаслаўлення і розных ласк.

Св. Ян Боско