Панядзелак, 27 Май 2019 05:23

Завяршуўся другi дзень Don Bosco Youth Fest

Аўтар

Другі дзень на Don Bosco Youth Fest распачаўся з малітвы Ютрань i супольнай Эўхарыстыі, якую цэлебраваў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Падчас казання ксёндз Віктар заклікаў моладзь зрабіць Хрыста цэнтрам свайго жыцця. Усе святыя былі простымі людзьмі, са сваімі слабасцямі і недахопамі, але дзякуючы Езусу змаглі зрабіць сваё жыццё прыкладам для наследавання.

Пасля Святой Імшы моладзь распачала працу ў "сусветным кафэ". Былі абмеркаваны шматлікія пытанні, звязаныя з майстар-класамі, якія адбудуцца на наступны дзень. Пасля плённай працы былі вызначаны найбольш важныя пытанні, якія хвалююць моладзь. Гэтыя пытаннi будуць перададзены мадэратарам, якія падрыхтуюць на іх адказы.

Потым быў смачны абед, пасля якога моладзь выправілася на актыўны адпачынак. Удзельнiкi фэсту былi падзелены на сем груп па iнтарэсах: хтосьцi паехаў на экскурсію ў Залессе, хтосьцi ў Баруны і Крэва, адны абралi роварнае падарожжа, iншыя сплаў на байдарках, хтосьцi выбраў гульню ў пейнтбол, а для кагосьцi найбольш цiкавай была турыстычная паласа з перашкодамі праз лес.

Калi праграма кожнай групы скончылася, распачаўся вечар праслаўлення Пана. На канцэрце выступаў гурт "Пілігрымы", а таксама мясцовая моладзь прадставіла праз сцэнкі жыццё святых Стэфана Шандора, Александрыны Марыі Да Коста, Альберт Марвэллі і слугі Божай Тэрэзы Вальсэ Пантэлліні.

А пасля ксёндз Алег Жураўскі SDB прамовіў слоўка на добрую ноч і ўдзельнікі #Bosco_Fest адправіліся адпачываць.

Пасля слоўка біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падзякаваў моладзі і арганізатарам за цудоўны вечар праслаўлення і захапляючыя сцэнкі з жыцця святых, а пасля ўдзяліў усім пастырскае благаслаўленне.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Усе тыя, хто церпіць пераслед, з’яўляюцца маімі дарагімі сябрамі.

Св. Ян Боско