Пятніца, 10 Май 2019 23:32

Салезіянская моладзь са Смаргоні і Дзятлава пабывала на Дыяцэзiяльных Днях Моладзi ў Шчучыне

Аўтар

З 6 па 8 мая ў Шчучыне адбыліся Дыяцэзiяльныя Дні Моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. На гэтым фэсце пабывалі таксама прадстаўнікі салезіянскіх араторыяў са Смаргоні і Дзятлава.

Усяго ў сустрэчы ўдзельнічала больш за 1000 чалавек з розных парафій Гродзеншчыны, а таксама прадстаўнікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Дэвізам сёлетняга ДДМ ў Шчучыне былі словы: “Па прыкладу Марыі буду служыць Пану”. І сапраўды прысутнасць Марыi была відавочна паўсюль: разнастайныя набажэнствы ў Яе гонар, канферэнцыі, прадстаўленні, спевы і само тое, што Дні Моладзі адбываліся ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай, якой прысвечаны мясцовы касцёл ордэна піяраў.

У першы дзень святую Імшу цэлебраваў Яго Эксцэленцыя кс. біскуп Юзаф Станеўскі, старшыня Камісіі па справах моладзі пры ККББ. У гаміліі ксёндз біскуп заклікаў прысутную моладзь: “Езус – найлепшы ўзор маладосці. Таму вельмі важна ўглядацца ў маладога Езуса, якога паказвае Евангелле, бо ў Ім можна распазнаць шмат прыкмет, характэрных для маладых сэрцаў. Зрабіце Касцёл маладым і навучыцеся слухаць”.

Духоўным узбагачэннем дня была таксама канферэнцыя на тэму “Роля служэння ў жыцці хрысціяніна”, якую прамовіў а. Юрый Находка OCD, настаяцель кармэліцкага кляштара ў Гудагаі.

Адным з самых гучных момантаў першага дня стаў канцэрт салезіянскага музычнага гурта “Пілігрымы”. Удзельнiкi музычнага гурта па-сапраўднаму распалілі дажджлiвае надвор’е і сагрэлі маладых, якія сабраліся каля сцэны. Падчас канцэрта неаднойчы можна было пачуць пра св. Яна Боско, якому таксама было прысвечана некалькі спеваў. Аніматары смаргонскага араторыя разам з с. Юліяй Клявец FMA і дк. Артурам Ляшнеўскім SDB загадзя паклапаціліся пра танцавальную анімацыю i паказвалi на сцэне рухi новых бансаў.

Другі дзень быў вельмі насычаны на сустрэчы. У першай палове моладзь мела магчымасць паслухаць святароў, якія падрыхтавалі канферэнцыі на тэму "Формы хрысціянскага служэння для моладзі". Удзельнікі былі падзелены на групы, у якіх закраналіся наступныя тэмы: 1) Місійнае служэнне; 2) Дабрачыннае служэнне; 3) Манаскае служэнне; 4) Святарскае служэнне; 5) Сямейнае служэнне; 6) Служэнне ў каталіцкіх СМІ; 7) Евангелізацыйнае служэнне; 8) Парафіяльнае служэнне.
Сэрцам дня стала, канешне, Эўхарыстыя, якую ўзначаліў Яго Эксцэленцыя кс. арцыбіскуп Габар Пінтэр, Апостальскі Нунцый у Беларусі.

Моладзь прывітала дастойнага госця перад касцёлам гучнымі апладысментамі і каляровымі сцягамі сваіх мясцовасцей і парафій. Пасля працэсійнага ўваходу распачалася Найсвяцейшая Ахвяра, падчас якой арцыбіскуп Габар Пінтэр звярнуўся да моладзі з наступнымі словамі: “Не бойцеся даверыцца Езусу! Не бойцеся ісці з Ім па дарозе жыцця. Не бойцеся выбраць Яго адзіным Ідэалам, Братам, Сябрам, Улюбёным! Гэта не толькі самы разумны і мудры выбар: гэта выбар, аб якім вы ніколі не пашкадуеце”.

Пасля абеда на сцэне адбывалася прэзентацыя моладзевых груп Гродзенскай дыяцэзіі на тэму “Марыя прыкладам жыцця”. Моладзь Смаргоні выступіла з нумарам, у якім хацела паказаць як многа значыць Марыя для Салезіянскай сям’і i яе дзейнасцi. Асаблівым чынам быў падкрэслены салезіянскі араторый, які распачаўся з аднаго “Вітай, Марыя” ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Маці Божай. Тым самым кожны салезіянскі араторый стаў своеасаблівым “Домам Марыі” – месцам, якое Панна Успамога Хрысціянаў мае пад сваім плашчом апекі. У нумары прагучаў адмысловы спеў пра араторый. Падчас прадстаўлення на сцэне паявіўся макет смаргонскага касцёла, мядзведзь і баранкі – сімвалы горада Смаргоні, а таксама кс. Боско і св. Марыя Дамініка Мадзарэлла.

Увечары моладзь удзельнічала ў фацімскай працэсіі з фігурай Божай Маці, якая была змешчана на сцэне. Пасля ружанцовай малітвы прысутная моладзь аддала сябе цалкам Беззаганнай Панне. Відавочным сімвалам гэтага акта стала тое, што кожны атрымаў медалік з выявай Багародзіцы. Заканчэннем дня быў вечаровы канцэрт моладзевага гурту Open з Гродна.

Апошні дзень парадаваў удзельнікаў інтэграцыйнымі гульнямі і канцэртам гурта AVE з Гродна. Развітаннем са Шчучынам стала святая Імша, якую ўзначаліў Яго Эксцэленцыя кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі. Ардынарый дыяцэзіі-гаспадара ДДМ падбадзёрыў моладзь наступнымі словамі: “Бог жадае нашага сапраўднага шчасця больш, чым жадаем яго мы самі, і калі Ён нам штосьці забараняе ці чагосьці не дазваляе, то робіць гэта толькі таму, што нас любіць і ведае, што не ўсё служыць нашаму праўдзіваму дабру”.

ДДМ у Шчучыне 2019 сталi сапраўдным святам маладых. Цудоўны клімат, шмат энергіі і ўсмешак моладзі сталі сапраўдным зарадам Божага духу для ўсіх удзельнікаў.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Шчыры, сыноўскі, светлы давер Марыі, сталая пабожнасць дазволілі вам пераадолець кожную цяжкасць, быць вытрывалымі, патрабуючымі ў адносінах да сябе.

Св. Ян Боско