Серада, 08 Май 2019 12:26

Свята св. Дамініка Савіо адбылося ў Смаргоні

Аўтар

5 мая Cалезіянская сям’я Смаргоні адзначыла свята св. Дамініка Савіо, выхаванца ксяндза Боско. Гэтага святога юнака з араторыя на Вальдокка часта называюць маленькім гігантам духа, таму што ён у маладым узросце дасягнуў значную ступень духоўнага жыцця і ўжо пры жыцці яго называлi святым. Дамінік Савіо з’яўляецца апекуном міністрантаў, моладзі і цяжарных жанчын.

Вернікі салезіянскай парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргонi ў шанавалі гэтага святога падчас нядзельнай святой Імшы на палявам алтары парафіі. Падчас Эўхарыстыі, прысвечанай апекуну літургічнай службы алтара, ў кандыдаты да міністранскага служэння было прынята 30 хлопцаў. Кандыдаты прамовілі свае абяцанні старанна рыхтавацца да службы пры Божым алтары, а іх бацькі ў гэты час трымалі свае далоні на іхніх плячах, паказваючы сваю падтрымку і абяцаючы малітву за будучых міністрантаў. Юнакi атрымалі таксамса белыя стужкі, якія ад гэтага моманту будуць насіць заўсёды, калi будуць прыслугоўваць у святыні.

Пасля абраду прыняцця кандыдатаў у міністранты адбылося прыняцце дванаццацi новых членаў суполкі “Савіо-клуб”. Мэтай суполкі з’яўляецца фармаванне падлеткаў у духу салезіянскай радасці і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Члены “Савіо-клуба” стараюцца ў сваім жыцці наследаваць прыкладу св. Дамініка, будуючы сваё жыццё згодна з рэцэптам святасці, які св. Ян Боско запрапанаваў Дамініку, калі той прыехаў у турынскі араторый. Гэты рэцэпт складаецца з трох інгрыдыентаў: радасцi, дабразычлівасці i сумленнага выканання сваіх абавязкаў.

Пасля супольнай Эўхарыстыі і ўшанавання рэліквій св. Дамініка Савіо вернікі накіраваліся ў араторый, дзе ўсіх чакаў вялікі сюрпрыз. Дзеці і іх бацькі маглі акунуцца ў клімат неба, пазнаёміцца з юнаком Дамiнiкам Савіо, ксяндзом Янам Боско, сястрой Марыяй Дамiнiкай Мадзарэла і шматлікімі іншымі святымi i не толькi. Дзеці ўдзельнічалі ў гульнях, танцах і супольных забавах. Пасля прадстаўлення ўсіх чакаў салодкі пачастунак каля араторыя. Варта адзначыць, што падчас свята дзесяцi выпускнікам “Савіо-клуба” былі ўручаны адмысловыя дыпломы з падзякай за чынны ўдзел у жыцці суполкі.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Зразумела, што лягчэй расхвалявацца, чым узяць сябе ў рукі, прыгразіць дзіцяці, чым растлумачыць яму. Нам, з нашаю нецярплівасцю і пыхаю, найвыгадней біць тых, хто не саступае, чым з цярплівасцю іх навучаць. Цярплівасць — гэта дар Духа Святога, аб якім трэба маліцца.

Св. Ян Боско