Панядзелак, 06 Май 2019 06:47

Сустрэча ўдзельнікаў "Савіо-клуба" прайшла ў Мiнску

Аўтар Аніматар "Савіо-клуба" Сінькевіч Аліна

1 мая ў араторыі святога Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску (Серабранка), адбылася сустрэча ўдзельнікаў "Савіо-клуба". Адметнасць сустрэчы ў тым, што яна была сумеснай, сабрала разам дзяцей, iх бацькоў, духавенства і аніматараў.

Вельмі насычанай была праграма, таму што паралельна адбываўся турнір "Кубак Дамініка Савіо" па мікра-футболе. Усе дзеці з захапленнем сачылі за гульнёй каманд, у тым ліку і за парафiяльнай камандай ФК "Дамінік".

Пакуль увага дзяцей была прыкавана да спартыўнай пляцоўкі, бацькі былі запрошаны на невялікую раду. Ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB разам з аніматарамі падвёў вынікі яшчэ аднаго года працы "Савіо-клуба". Святар звярнуў увагу бацькоў на вялікую каштоўнасць такіх сустрэч для іх дзяцей у фармаванні самастойных духоўна развітых асобаў.

Гутарка атрымалася цікавай і карыснай для абодвух бакоў, таму што мела інтэрактыўны характар. Бацькі з ахвотай дзяліліся сваімі ўражаннямі, нават уносілі цікавыя прапановы для яшчэ больш плённай працы "Савіо-клуба" ў далейшым.

Працягам сустрэчы стаў пікнік на свежым паветры. Гэта быў цудоўны час для таго, каб бацькі маглі спакойна пагутарыць з ксяндзом Паўлам, сястрой Дар'яй Еўтухоўскай FMA, якая таксама апякуецца суполкай, аніматарамі, а галоўнае - паміж сабой.

Акрамя смачных пачастункаў, былі арганізаваны вясёлыя гульні, падчас якiх бацькі з дзецьмі мелі дадатковую магчымасць правесці час разам.

На заканчэнне ўсе ўдзельнікі сустрэчы паглядзелі цікавую прэзентацыю, у якой была прадстаўлена дзейнасць "Савіо-клуба" за мінулы навучальны год.

Развітваючыся, усе з радасцю казалі: "«Савіо-клуб», да хуткай сусрэчы ў летніку!".

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Асцерагайцеся грэху непарадачнасці, зрабіце ўсё, што вы зможаце, каб заўсёды вашы споведзі былі добрымі.

Св. Ян Боско