Чацвер, 02 Май 2019 22:34

Турнiр па мiкра-футболе для падлеткаў “Кубак Дамiнiка Савiо” прайшоў у Мiнску

Аўтар Уладзiслаў Зарэцкі ASC

 1 мая ў мінскім араторыі імя святога Яна Боско, які дзейнічае пры салезіянскай парафіі імя святога Яна Хрысціцеля, адбыўся традыцыйны турнір па мікра-футболе ў гонар святога Дамініка Савіо для падлеткаў да 16 год.

У гэтым годзе турнір праводзіўся ўжо ў сёмы раз. Сімвалічна, што ўдзел у ім прыняло сем каманд: ФК “Дамінік” з Мінску, ФК “Бараўляны”, ФК “Five” з Дзятлава і ФК “Шандор” са Смаргоні (названыя каманды прадстаўлялi чатыры салезіянскія араторыi Беларусі), ФК “Фавор” і ФК “Фавор uni” з Полацка, а таксама ФК “Арлы” з мінскай парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ.

Распачалося мерапрыемства са святой Імшы, якую ўзначаліў дырэктар мінскай салезіянскай супольнасці ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Падчас казання ксёндз Павел звярнуў увагу на адказнасць, якой мы павінны вучыцца ў святога Дамініка Савіо. Выконваючы адказна свае абавязкі, не баючыся, ставячы перад сабою правільныя мэты, кожны з нас мае магчымасць дасягнуць святасці.

Далей падзеі разгортваліся непасрэдна на спартыўнай пляцоўцы.
Каманды былі падзелены на дзве групы: чатыры каманды ў адной і тры каманды ў другой. З кожнай групы ў паўфінал выходзіла па дзве каманды. Па выніках групавога этапа ў першым паўфінале гледачы мелі магчымасць назіраць полацкае дэрбі, у якім “дарослы” склад “Фавора” экзаменаваў сваіх малодшых аднаклубнікаў. Не без перашкодаў “дарослы” “Фавор” трапіў у фінал. У другім паўфінале ФК “Шандор” сустрэўся з самай маладой камандай турніру – ФК “Бараўляны”. У гэтым супрацьстаянні больш дарослыя і вопытныя хлопцы са Смаргоні святкавалі перамогу. Варта адзначыць, што сваё каманда з Бараўлянаў узяла ў гульні за трэцяе месца – гульцы каманды змаглi перамагчы “Фавор uni” і заваяваць бронзавыя медалі.

У фінале ФК “Фавор” перамог ФК “Шандор” і стаў уладальнікам “Кубка Дамініка Савіо”.

Акрамя футбольных баталій хлопцам было прапанавана паспрабаваць свае сiлы ў кікеры, футбольным фрыстайле і інтэлектуальным конкурсе. Пераможцы ў кожнай дысцыплiне атрымалі каштоўныя прызы.
На ўзнагароджанне пераможцаў у араторый прыехаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Ксёндз Вiктар ўручыў пераможцам медалі і запаветны кубак. Пасля святар прамовіў традыцыйнае салезіянскае слоўка на дабранач і ўдзяліў благаслаўленне.

“Кубак Дамініка Савіо” стаў сапраўдным святам, падчас якога старэйшыя маглі падтрымаць малодшых, бацькі маглі пазаўзець за сваіх дзяцей, а ўдзельнікі атрымалі шырокі спектр сапраўдных эмоцый!

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Будзьце ўпэўнены, што той, хто адаруе Найсвяцейшы Сакрамэнт, мае надзейную дарогу і ўзнагароду вечнага збаўлення.

Св. Ян Боско