Нядзеля, 14 Красавік 2019 16:19

На вуліцах Смаргоні адбылося набажэнства Крыжовага шляху

Аўтар

Крыжовы шлях – гэта каталіцкае набажэнства, сэрцам якога з’яўляецца адарацыя мукі Пана на шляху да Галготы. Набажэнства паўстала ў Ерузалеме – месцы, дзе фактычна адбылося ўсё тое, што мы перажываем падчас гэтай малітвы.

У сярэднявеччы такі стыль пакутнага набажэнства ў Еўропу прынеслі са Святой Зямлі члены ордэна францішканаў. Малітва-разважанне над Крыжовым шляхам Хрыста – гэта спроба адкрыцця нанова тых жудасных падзей, якія наш Пан перанёс дзеля збаўлення ўсяго чалавецтва.

Па ўзору традыцыі Ерузалема, у якім пазначаны месцы-стацыі пакутаў Езуса, вернікі з розных куткоў света таксама пачалі выходзіць на вуліцы сваіх гарадоў, каб духоўна перанесціся ў месца мукі і ўваскрасення Месіі.
12 красавіка парафія св. Міхала Арханёла ў Смаргоні выйшла на вуліцы свайго горада, каб перажыць разам з церпячым Хрыстом Яго крыжовы шлях. Пасля Эўхарыстыі вернікі выйшлі святочным шэсцем на галоўную вуліцу горада, несучы вялікі драўляны крыж. Пасля кожнай стацыіі крыж пераймалі прадстаўнікі розных колаў і груп парафіі і мясцовага араторыя: аратарыйная моладзь, дзеці з “Савіо-клуба”, члены групы ADMA, ружанцовыя колы парафіі, Легіён Марыі, жанчыны з суполкі “Маці ў малітве”, мужчыны і жанчыны Смаргоні, салезіяне супрацоўнікі, літургічная служба алтара, прадстаўнікі апостальства душ чысцовых, дзеткі парафіі, удовы і ўдаўцы, а таксама салезіяне і салезіянкі.

Кожны з парафіянаў меў магчымасць несці крыж Хрыста, усведамляючы, што ўсе мы маем дачыненне да Яго цярпенняў, а таксама злучыць з ім свой асабісты крыж.

Набажэнства закончылася на палявым алтары ля парафіяльнага касцёла, дзе крыж быў ўсталяваны на падстаўку для асабістай адарацыі.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Прымаю аднолькава і пахвалу і вымовы, бо калі мяне хваляць, гавораць, кім павінен быць, а калі мне робяць вымовы, гавораць, кім я ёсць.

Св. Ян Боско