Субота, 30 Сакавік 2019 00:38

Вясеннiя вакацыi з Богам прайшлi ў Мiнску

Аўтар Аніматар Дар’я Дземянец

З 25 па 29 сакавіка ў араторыі св. Яна Боско пры парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску праходзілі вясеннія вакацыі з Богам для навучэнцаў 2-6-х класаў на тэму: “Ты Евангелле чытай, з намі Бога пазнавай”.

Падчас вакацый аніматары, с. Дар’я Еўтухоўская FMA, кс. Павел Шчарбіцкі SDB, кс. Алег Каралёў SDB дапамагалі дзецям глыбей пазнаць Евангелле праз асобы евангелістаў. Кожны дзень удзельнiкi вакацый знаёміліся з евангелістамi з дапамогай тэлерубрыкi “10 хвілін з евангелістамі”.

У першы дзень, якi праходзiў пад дэвiзам “Ідзі за мной”, дзеці пазнаёміліся з евангелістам Мацвеем, а таксама пачулi пра тое, як важна мець добры прыклад перад вачыма i самому быць добрым прыкладам для іншых.

У другі дзень дзякуючы евангелісту Марку дзеці разважалі над словам “Паражэнне” і размаўлялі аб тым, як вучыцца перажываць жыццёвыя падзенні і няўдачы.

Евангеліст Лука ў трэці дзень праз тэму “Ахвяра” распавёў гледачам тэлерубрыкi, што найвялікшай ахвярай, на яго думку, з’яўляецца ахвяра Езуса на крыжы.

Чацвёрты дзень быў днём “Маладосці”, да ўдзельнiкаў вакацый завітаў самы малады з евангелістаў - Ян. Праз увесь дзень дзеці разам з аніматарамі разважалі аб тым, што маладосць – гэта час цудаў.
Тэме “Еднасць” быў прысвечаны апошні дзень вакацый. У працы па групах дзецi высветлілі, што ўсе мы розныя, але вельмi важна, каб быў Той, які нас вядзе і аб’ядноўвае.

Дзякуючы вакацыям дзеці не толькі мелі магчымасць пагуляць і больш дакладна даведацца пра евангелістаў, але і добра падрыхтавацца да сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом!

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Хто сее добрыя ўчынкі, той будзе збіраць добрыя плады...

Св. Ян Боско