Панядзелак, 25 Сакавік 2019 06:22

У салезіянскай супольнасці Маці Божай Успамогі Хрысціянаў з цэнтрам у Смаргоні адбылася кананічная візітацыя

Аўтар

З 18 па 21 сакавіка ў салезіянскай супольнасці Маці Божай Успамогі Хрысціянаў з цэнтрам у Смаргоні адбылася канананічная візітацыя. Мэтай візітацыі з’яўляецца братэрскі дыялог настаяцеля з сабратамі, каб разам шукаць адказы на выклікі сённяшняга свету ў душпастырстве і выхаванні маладых людзей. Таксама візітацыя дапамагае зрабіць свайго роду сінхранізацыю працы салезіянаў у дадзенай супольнасці са штогадовым дэвізам Генеральнага настаяцеля салезіянскага таварыства. Адказным і вядучым кананічнай візітацыі ў смаргонскай супольнасці стаў рэгіянальны настаяцель салезіянаў у Беларусi ксёндз дэлегат Віктар Гайдукевіч SDB.

received 418340602264771

Салезіянская супольнасць Маці Божай Успамогі Хрысціянаў складаецца з трох салезіянскіх прысутнасцяў у нашай краіне: Смаргонь, Жупраны і Дзятлава. Кс. Віктар Гайдукевіч SDB наведаў гэтыя месцы і паразмаўляў з сабратамі, якія праводзяць там душпастырскую працу ў духу св. Яна Боско.

Візітацыя распачалася 18 сакавіка ў цэнтры супольнасці - Смаргонi. Пасля сумеснай малітвы ксёндз дэлегат звярнуўся да сабратоў са словам на распачацце візітацыі. Кс. Віктар у сваёй прамове абапіраўся на сёлетні дэвіз Генеральнага настаяцеля “Святасць таксама і для цябе”. Дэлегат заклікаў прысутных да вернасці сваім абавязкам, да духоўнага ўдасканальвання і аднаўлення салезіянскай харызмы.

Увечары таго ж дня кс. Вiктар цэлебраваў Эўхарыстыю ў парафіяльным касцёле ў Смаргоні, на якой сабраліся члены парафіяльных колаў і суполак. Пасля св. Імшы кс. Віктар звярнуўся да сабраных са словам, накіраваным на годнае перажыванне трыдуума перад юбілеем стагоддзя прысутнасці салезіянаў у Беларусі, i запрасіў усіх да малітвы ў інтэнцыі беларускіх салезіянаў і ўсіх планаў, якія яны з Божай дапамогай плануюць рэалізаваць да гэтага стагадовага юбілею.

received 2267232473594905

19 сакавіка, ва ўрачыстасць св. Юзафа, абранніка Панны Марыі, ксёндз дэлегат меў магчымасць адведаць парафію свв. Ап. Пятра і Паўла ў Жупранах. З амбоны падчас гамiлii візітатар заклікаў вернікаў наследаваць пакору і справядлівасць св. Юзафа.

Увечары гэтага ж дня кс. Віктар Гайдукевіч SDB цэлебраваў Эўхарыстыю ў манаскай капліцы сясцёр салезіянак для членаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў (ADMA).

Завяршэннем урачыстасці св. Юзафа быў тэматычны вечар у смаргонскім араторыі і цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў турніра, прысвечанага менавіта гэтаму святому.

received 316071565766343

21 сакавіка ўся супольнасць мясцовых салезіянаў разам з візітатарам накіравалася ў Дзятлава, дзе кс. Віктар Гайдукевіч SDB мог наведаць мясцовы араторый бл. мучанікаў з Познані і парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Ксёндз дэлегат меў магчымасць сустрэцца з пробашчам парафіі кс. Здзіславам Пікулай SDB, прадстаўнікамі парафіі і парафіяльнымі коламі. Увечары кс. Віктар цэлебраваў ў мясцовым касцёле Эўхарыстыю і прамовіў гамілію да сабраных дзятлаўчан.

У Дзятлаве адбылося завяршэнне сёлетняй кананічнай візітацыі. У манаскай капліцы салезіяне выслухалі словы, парады і заўвагі візітатара і атрымалі благаслаўленне на яшчэ больш плённую салезіянскую працу ў гэтым давераным салезіянскаму таварыству рэгіёне.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Памятайце, што ўшанаванне нядзельных свят прыносіць Божае благаслаўленне на ўсе справы тыдня.

Св. Ян Боско