Панядзелак, 04 Сакавік 2019 16:21

«Хто такі салезіянін супрацоўнік?»: сустрэча членаў трэцяй галіны Салезіянскай сям’і прайшла ў Лебедзеве

Аўтар Салезіянка супрацоўніца Ірына Петрусевіч

Агульнабеларуская сустрэча салезіанаў супрацоўнікаў (трэцяя галіна Салезіянскай сям’і) адбылася 2-3 сакавіка ў мястэчку Лебедзева.

Сабралася 21 чалавек розных пакаленняў і статусаў, старэйшыя і моладзь, сямейныя і не.

Тэма сустрэчы – паглыбіць разуменне ідэнтычнасці свайго паклікання, гэтаму быў прысвечаны першы дзень сустрэчы. На другі ж дзень прысутныя вырашалі, як можна рэалізаваць дэвіз Генеральнага настаяцеля кс. Анхеля Фернандэса Арцімэ на 2019 год “Святасць таксама і для цябе”.

Арганізатары сустрэчы на чале з каардынатарам Ларысай Валынец падрыхтавалі некалькі інтэрактываў на дадзеныя тэмы, таму абмеркаванне і праца прайшлі вельмі лёгка і весела, як пазней сведчылі і самі ўдзельнікі.

Па тэме ідэнтычнасці паклікання салезіяніна супрацоўніка сабраныя “малявалі” партрэт, які б дапамог усвядоміць сваю тоеснасць самім і лёгка расказаць гэта іншым людзям. Вось што атрымалася: салезіянін супрацоўнік – гэта пакліканне хрысціяніна, католіка, які кіруецца Божым Провідам, з’яўляецца адказным членам грамадства і Касцёла, з радасцю і аптымізмам прымае і рэалізуе ў сваім свецкім жыцці (альбо ў служэнні ў дыяцэзіі, калі гэта дыяцэзіяльны святар) салезіянскую харызму ксяндза Боско, выходзіць да моладзі першым, моцна звяртае ўвагу на патрэбы маладога чалавека і дапамагае яму стаць сумленным грамадзянінам і добрым хрысціянінам, з’яўляецца для яго прыкладам у вядзенні сакрамэнтальнага жыцця, дапамагае сустрэць Хрыста і збавіць душу.

На тэму рэалізацыі дэвіза інструментам для разважанняў стаў анімацыйны фільм. Генеральны настаяцель прапануе некалькі парадаў, каб паняцце святасці стала нечым канкрэтным і дасягальным. Салезіяне супрацоўнікі, карыстаючыся парадамі ксяндза Анхеля, выпрацавалі некалькі канкрэтных крокаў на кожны дзень і прапанавалі іх да рэалізацыі.

Парада – практыкваць цноты. Адказ – быць цярплівым да меркавання іншых, памятаць, што кожны мае права на сваю думку.

Парада – узрастаць праз невялікія рэчы (гаворка ідзе пра словы Святога Айца аб важнасці жаночага падыходу да святасці, яе пяшчоце і здольнасці заўважаць дэталі). Адказ – прымаць з удзячнасцю рознасць мужчыны і жанчыны як дар, быць уважлівымі на жарты ў адрас адно аднаго.

Парада – шукаць прастату (не блытаць з прыметыўнасцю) запаведзяў. Адказ – прааналізаваць, з выкананнем якой запаведзі я маю найбольшыя цяжкасці, і папрацаваць над ёй у бліжэйшы час Вялікага посту.

Парада – быць асобамі і супольнасцю малітвы. Адказ – адно “Вітай, Марыя...” у інтэнцыях Аб’яднання Салезіянаў Супрацоўнікаў кожны дзень.
Парада – успрымаць жыццё як месца сустрэчы з Богам. Адказ – падумаць, праз якія канкрэтныя знакі я магу стварыць атмасферу любові ў сваёй сям’і (як канкрэтна праявіць любоў да членаў сям’і, каб яны гэта адчулі і зразумелі) і рэалізаваць гэта.

Парада – даваць сведчанне супольнасці. Адказ – наведаць і наладзіць кантакт з блізкімі, з якімі гэты кантакт быў страчаны.

Парада – развіваць у нашым жыцці дары Святога Духа. Адказ – раз у месяц ахвяраваць свой час на працу і служэнне ў араторыі.

Парада – разумець, што жыццё кожнага – гэта місія. Адказ – выбраць малітву і пачынаць з яе працоўны дзень, памятаючы, што мая праца – гэта мой шлях да святасці.

Таксама час сустрэчы быў часам адпачынку, размоў, супольнай малітвы. Гэта быў час глыбейшага знаёмства людзей, якія жывуць адным пакліканнем у розных частках Беларусі.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Не ўсе здольныя пасціць і даваць багатую міласціну, удзельнічаць у доўгіх пілігрымках дзеля Божай хвалы, але кожны здольны любіць Бога, дастаткова толькі гэтага хацець.

Св. Ян Боско