Панядзелак, 04 Люты 2019 23:07

Смаргонскі “Савіо-клуб” правёў духоўны адпачынак у Лебедзеве

Аўтар Вераніка Рогач, салезіянка супрацоўніца

2 і 3 лютага хлопцы і дзяўчаты “Савіо-клуба”, што дзейнічае пры парафіі “Св. Міхала Арханёла” у Смаргоні, мелі магчымасць адпачыць і ўзбагаціцца духоўна ў Лебедзеве (Маладзечанскі раён). Гэтыя два дні сталі для іх добрай нагодай, каб пабыць разам, лепш пазнаць адзін аднаго, а таксама пазнаёміцца з дэвізам Салезіянскай сям’і на 2019 год: “Святасць таксама і для цябе”.

Першы дзень распачаўся святой Імшой, пасля якой “савікі” разам з аніматарамі, с. Ірынай Барцэвіч FMA і с. Юліяй Клявец FMA адправіліся ў Лебедзева. За супольным абедам аніматары прадставілі дзецям правілы пражывання ў доме, у якім яны будуць жыць два дні, а таксама размеркавалі абявязкі. Таксама “савікам” неабходна было адказаць на пытанне “Для чаго я прыехаў(ла) сюды?”, каб атрымаць свядомасць прабывання з “Савіо-клубам” у гэтым месцы ў гэты час. Нягледзячы на даволі мокрае надвор’е, радасна прайшлі снежныя гульні на вуліцы.

Галоўнай тэмай першага дня стала “Формула святасці”. Для ўдзельнікаў сустрэчы былі падрыхтаваны тры гульні, якія больш падрабязна раскрывалі тры пункты формулы – “радасць”, “дапамога”, “абавязкі”. Акрамя таго, дзецям было прапанавана паўдзельнічаць у турніры па настольнаму футболу з падарункамі за прызавыя месцы. Вечарам усе з цікавасцю паглядзелі фільм “Цуд” на вялікім экране. Па салезіянскай традыцыі дзень быў завершаны трыма “Вітай, Марыя” і слоўкам на добрую ноч.

Другі дзень распачаўся падрыхтоўкай да нядзельнай святой Імшы ў мясцовай парафіі, а затым “савікі” перайшлі да абмеркавання фільма. Таксама ўспомнілі ў гэтым кантэксце і жыццё святога Дамініка Савіо, які з’яўляецца галоўным прыкладам для кожнага ўдзельніка клуба. Асабліва звярнулі ўвагу на яго моцную сувязь з Богам і сапраўдную дапамогу патрабуючым. Далей дзецям былі прапанаваны урыўкі з жыцця святога Дамініка Савіо і дадзена заданне паставіць невялічкія сцэнкі на іх падставе. Дзеці таксама падзяліліся сваімі меркаваннямі, распавядаючы, якімі якасцямі павінен валодаць святы.

Пасля супольнага абеда і заключнай малітвы ўсе удзельнікі “Савіо-клуба” падзякавалі гаспадарам гасціннага дома і развіталіся з надзеяй на хуткую новую сустрэчу.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі вашай душы або целу будзе нешта пагражаць, звярніцеся да свайго Анёла Ахоўніка, і я запэўніваю, што ён будзе суправаджаць вас і абараняць.

Св. Ян Боско