Чацвер, 31 Студзень 2019 16:23

100 год салезіянскага таварыства на Беларусі - ліст рэгіянальнага настаяцеля з нагоды надыходзячага юбілею

Аўтар Рэгіянальны настаяцель кс. Віктар Гайдукевіч SDB

Глыбокапаважаныя сабраты салезіяне,
паважаныя сёстры салезіянкі, салезіяне супарцоўнікі, салезіянскія аніматары, кандыдаты і памочнікі,
дарагія ўдзельнікі суполак пры салезіянскіх араторыях і парафіях: АDMА, міністранты, Адкрытыя сэрцы, Савіо-клуб, Маці ў малітве, Легіён Марыі, Жывы Ружанец, Маці Божай Патронкі добрай смерці, суполкі сем’яў, усе ўдзельнікі хораў і музычных гуртоў, былыя выхаванцы нашых араторыяў, парафіяне нашых салезіянскіх парафій і ўсе тыя, хто любіць кс. Боско і раздзяляе салезіянскую харызму, і вы, наша ўмілаваная моладзь, як першы і галоўны адрасат нашай салезіянскай місіі!

У жыцці кожнага чалавека, а таксама розных супольнасцяў і грамадстваў вялікую ролю адыгрываюць пэўныя даты і юбілеі. Яны з’яўляюцца свайго рода скарбам памяці аб спадчыне, якая фарміруе ідэнтычнасць. Вялікі старажытнагрэцкі гісторык Герадот, якога часта называюць айцом гісторыі, пісаў аб тым, што менавіта памяць аб гістарычных падзеях з’яўляецца фундаментам нашай ідэнтычнасці.

Дзякуючы першаму сабрату салезіяніну кс. Людвігу Гастыле, які у 1921 годзе прыбыў на землі нашай Бацькаўшчыны, каб сеяць тут зерне салезіянскай харызмы, усё сучаснае пакаленне духоўных сыноў і дачок кс. Боско мае ўнікальную і адзіную ў нашым жыцці магчымасць у 2021 годзе адзначыць юбілей 100-годдзя прысутнасці салезіянаў на Беларусі і ўсвядоміць тым самым сабе момант пачатку фарміравання салезіянскай ідэнтычнасці на нашай Бацькаўшчыне.

Адданая і ахвярная праца сабратоў салезіянаў, іх крыжовы і мучаніцкі шлях у ваенныя гады, а таксама ў час ганенняў і пераследу падчас савецкага таталітарнага рэжыму і, нарэшце, адраджэнне салезіянскай харызмы ў нашай краіне адлюстроўваюць гэты доўгі і цярністы шлях яе развіцця. Але ж гэта - наш скарб, наша спадчына, тая жывая памяць, якая фарміруе нашу сучасную салезіянскую ідэнтычнасць. Мы шчыра жадаем добра ведаць і разумець нашу гісторыю дзеля таго, каб мець магчымасць даць дастойны і аргументаваны адказ на выклікі сучаснага свету ў пытаннях выхавання і збаўлення дзяцей і моладзі. Менавіта ад іх памкненняў і сілы веры залежыць будучыня нашага Касцёла і салезіянскай Кангрэгацыі.

Інспектарыяльная дэлегатура “Св. Францішка Сальскага” ў Беларусі існуе амаль ужо 6 гадоў, аднак яна знаходзіцца на той тэрыторыі, дзе салезіянская харызма дзякуючы ахвярнай і адданай службе сабратоў салезіянаў была ўвесь час жывая і надзвычай дзейсная на працягу апошніх 100 гадоў. На землях Беларусі змянялася ўлада, палітычныя погляды, гаспадары, аднак праз стагоддзе нязменнай і жывой была прысутнасць асобы кс. Боско ў сваіх сынах – салезіянах.

Трыванне салезіянскай харызмы на Беларусі мы лічым заслугай нашых сабратоў, якія за веру і людзей аддалі сваё жыццё на нашай Бацькаўшчыне. Сярод іх мужны і нязломны святар кс. Уладзіслаў Вячорак, які, нягледзячы на небяспеку, рупліва прапаведваў Слова Божае, і за сваю дзейнасць акрапіў гэтую зямлю сваёй крывёю. Пакорны кс. Юзаф Буяр, увязнены і замучаны фашысцкай нянавісцю, таксама два малыдыя неапрэзбітэры кс. Ян Павэлец і Ізыдор Марціняк, якія адважна неслі Хрыста людзям, сумуючым па Богу, галодным без Бога і напалоханым савецкім і нямецкім генацыдам. Гэта іх адвага, вера і мучаніцкая кроў насычалі і насычаюць салезіянскую глебу Беларусі. Адважны кс. Юзаф Занеўскі, які вярнуўся на сваю Радзіму ў далёкіх 80-х гадах і ў цяжкіх умовах пачаў рупліва адраджаць салезіянскую прысутнасць у Беларусі, клічучы на дапамогу шматлікіх сабратоў салезіянаў з Польшчы. Памяць пра іх – наш абавязак і гонар!

Мы, Салезіянская сям’я сучаснай Беларусі, з удзячнасцю ў сэрцах і моцнай надзеяй працягваем пісаць ужо сучасную гісторыю, працягваем далей будаваць прыгожую святыню салезіянскай харызмы на моцным і надзейным 100-гадовым фундаменце - маючы перад вачыма тэстамэнт нашага духоўнага Айца кс. Боско - збаўленне моладзі, асабліва той пакінутай.

Юбілей 100-годдзя прысутнасці салезіянаў у Беларусі - гэта вельмі знамянальная і знакавая падзея для ўсіх нас. Яна з’яўляецца свайго роду падвядзеннем вынікаў пэўнага этапу развіцця салезіянскай харызмы на нашых землях, да якога на працягу апошніх 100 гадоў прычыніліся ўсе магчымыя галіны Салезіянскай сям’і. Векавы юбілей - нашае супольнае свята, наша супольная духоўная спадчына і наш асабісты рахунак сумлення і план на будучыню!

Таму жадаем сумленна і дастойна падрыхтавацца да юбілею, які набліжаецца, перажываючы на працягу наступных 3 гадоў духоўную падрыхтоўку, якую сёння, 31 студзеня 2019 года, ва ўрачысць Св. Яна Боско, распачынаем.

На працягу гэтага часу аж да святкавання галоўнай урачыстасці восенню 2021 мы жадаем яшчэ раз прайсці гэты шлях, падзяліўшы яго на тры этапы:

І год: Пачатак салезіянскай прысутнасці (1921 - 1939) – “Звярнуць позірк да вытокаў”.

ІІ год: Перыяд Другой сусветнай вайны (1939 - 1945) – “Кроў мучанікаў, нашае ўзмацненне”.

ІІІ год: Камуністычны рэжым і сучасная гісторыя салезіянскай Кангрэгацыі ў Беларусі (1945 - 2018) – “Быць сведкамі крыжа і надзеі”.

Юбілейны 2021 год мы будзем перажываць усёй Салезіянскай сям’ёй, святкуючы шматлікія супольныя святы і ўрачыстасці як духоўнага, так і адукацыйнага характару. З належнай павагай і пашанай да гісторыі нашай кангрэгацыі ў Беларусі на працягу апошніх 100 гадоў плануецца стварыць дакументальна-гістарычны фільм пра дзейнасць салезіянаў на тэрыторыі нашай краіны, а таксама выдаць навукова-гістарычнае апрацаванне па дадзенай тэматыцы. У гэтым кантэксце збіраемся правесці разнастайныя семінары і іншыя мерапрыемствы для моладзі і вернікаў, накіраваныя на іх знаёмства з гісторыяй салезіянскай Кангрэгацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

У нашых планах - узбагачэнне духоўна-адукацыйнай сферы нашай Салезіянскай сям’і ў Беларусі шматлікімі выданнямі на беларускай мове, сярод якіх сваё пачэснае месца знойдуць таксама Малітоўнік для Салезіянскай сям’і, Зборнік салезіянскіх песень і іншыя. Плануем таксама шматлікія паломніцкія пілігрымкі да гістарычна-важных месцаў салезіянскай Кангрэгацыі ў Беларусі, дзе будуць усталяваны памятныя дошкі, як сімвал вечнай жывой памяці і пашаны да сабратоў.

Кожны юбілей - гэта не толькі позірк у мінулае і ўспамін аб важных гістарычных падзеях, але таксама і нашая супольная адказнасць за сучаснасць, за салезіянскую будучыню ў нашай краіне. Мы, Салезіянская сям’я XXI стагоддзя, маем святы абавязак дбаць пра будучыню маладога пакалення і яго далейшае духоўнае ўзрастанне. Менавіта толькі і выключна для гэтага мы плануем, спадзяёмся, Божы Провід і людзі дапамогуць нам, да святкавання доўгачаканага юбілею ў 2021 годзе завяршыць будаўніцтва манаскага салезіянскага дому і ўзвядзенне новай святыні ў гонар св. Яна Боско ў Мінску, якая станецца сэрцам салезіянскай Беларусі. Менавіта там будзе пашырана дзейнасць існуючага араторыя, адкрыты інтэрнат для студэнтаў, заснаваны моладзевы тэатр, а таксама цэнтр для моладзі.

Св. Ян Боско перадаў усім нам Марыю Успамогу Хрысціянаў не толькі як галоўную апякунку Салезіянскага Таварыства, але як мудрую Настаўніцу і Правадырку нашай сям’і. Таму вотумам удзячнасці Маці Божай, якая мудра суправаджала і апекавалася Салезіянскай сям’ёй на працягу мінулага стагоддзя, будзе, як мы моцна спадзяёмся, асвячэнне ў юбілейным 2021 годзе новазбудаванай святыні ў гонар Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах.

Вельмі спадзяёмся, што зможам з гэтай прыгожай і вельмі важнай нагоды ў чарговы раз вітаць на нашай Бацькаўшчыне Генеральнага Настаяцеля Салезіянскага Таварыства. Рэалізацыя дадзеных задумак прадстаўляецца надзвычай няпростай, але для Салезіянскай сям’і ў Беларусі - гэта вялікія мары, якімі кожны з нас жыве. Хто як не мы, духоўныя сыны і дочкі вялікага летуценніка св. Яна Боско, маем адвагу цешыцца такімі марамі і імкнёмся да іх рэалізацыі.

Дарагая Салезіянская сям’я! Віншую ўсіх вас з сённяшняй урачыстасцю нараджэння для неба св. Яна Боско - нашага духоўнага Айца і заснавальніка Салезіянскай сям’і. Няхай ён узмацняе, сцеражэ і выпрошвае патрэбныя ласкі для кожнага з нас, каб салезіянская харызма развівалася на нашай Бацькаўшчыне на хвалу Божую, на карысць нашага Касцёла і на пажытак моладзі. Жадаю вам таксама праўдзівай радасці ад асабістага кантакту з Езусам Хрыстом і веры, якая пастаянна ўзмацняецца, пра што так клапаціўся кс. Боско.

Адданы ў Святым Яне Боско
кс. Віктар Гайдукевіч SDB дэлегат

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі маеце калючкі, з’яднайце іх з тымі, якія ёсць у кароне Езуса

Св. Ян Боско