Субота, 26 Студзень 2019 16:37

Успамін св. Францішка Сальскага адзначылі ў Смаргоні

Аўтар Член Асацыяцыі Марыі Успамогі – Наталля Субко

24 студзеня Касцёл адзначае ўспамін святога біскупа Жэневы – Францішка Сальскага. Св. Францішак Сальскі з’яўляецца апекуном Салезіянскай сям’і. Па гэтай прычыне ў парафіі Святога Арханёла Міхала ў Смаргоні, дзе служаць айцы салезіяне (SDB) і Дочкі Марыі Успамогі Хрысціянаў (FMA) гэты дзень стаў сапраўдным святам, якое распачалося з супольнага перажывання Эўхарыстыі.

Уся Салезіянская сям’я Смаргоні – святары, законныя сёстры, салезіяне супрацоўнікі, члены Ассацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў – сабралася ў парафіяльнай святыні, каб дзякаваць Пану Богу за такога магутнага заступніка. Ксёндз пробашч Алег Жураўскі SDB падчас прамовы ўспомніў словы Хрыста: “Вы – святло свету”, і, кажучы пра святога біскупа, адзначыў: “Ён свяціў так, як свеціць велізарнае вогнішча. Усе збіраліся наўкола яго, гледзячы на яго пабожнасць, на яго жыццё, і ў гэты час навярталіся да Пана. Менавіта на гэтае святло спадзяваўся св. Ян Боско, выбіраючы заступніка для ўсёй Салезіянскай сям’і, святло, якое будзе трымаць Салезіянскую сям’ю блізка да Пана Бога”.


Добры пастыр Францішак здабыў многа душ для Пана Бога дзякуючы сваёй ветлівасці, шчырасці і лагоднай усмешцы. Таму яго называюць “мядовы доктар”. З вялікай удзячнасцю Пану Богу за Яго любоў і штодзённую апеку, а таксама за дар такога апекуна члены Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў і сёстры салезіянкі прыняслі ў працэсіі дары – мёд, пчаліныя соты, воскавую свечку, выяву святога Францішка Сальскага, хлеб і віно. Многія вернікі прыняслі ў святыню мёд для асвячэння. Усе разам прасілі, каб Пан Бог праз заступніцтва св.Францішка Сальскага напоўніў гэты дар пчалінай і людской працы знакам Сваёй прысутнасці. Напрыканцы святой Імшы адбылося благаслаўленне пчаляроў.


Св. Францішак Сальскі, нягледзячы на многія жыццёвыя выпрабаванні, казаў, што радасць адкрывае сэрцы на Божыя ласкі і на любоў, а смутак закрывае іх. Падсілкаваныя радасцю сустрэчы з Хрыстом, вернікі парафіі направіліся ў араторый на свята пад назвай “Мядовы фэст”. Члены Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў, сёстры салезіянкі і айцы салезіяне падрыхтавалі святочную праграму для старэйшага пакалення парафіянаў. Вечар завяршыўся супольнай вячэрай з блінамі, мёдам і іншымі прысмакамі, якія гаспадары і гаспадыні прыняслі, каб пачаставаць адзін аднаго.

Фотаздымкі – с. Ірына Барцэвіч FMA

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Найлепшай сярэдзінай для нас, каб стаць святымі, з’яўляецца тое, каб мы распазналі Божую волю ў волі нашых кіраўнікоў, ва ўсім, што нам наказваюць і ва ўсім, што здараецца ў нашым жыцці.

Св. Ян Боско