Панядзелак, 21 Студзень 2019 00:12

Штогадовы турнір па мікра-футболе “Кубак Дона Боско” прайшоў у Мінску ў восьмы раз

Аўтар Уладзілаў Зарэцкі ASC

У мінскім салезіянскім араторыі імя Св. Яна Боско пры парафіі св. Яна Хрысціцеля завяршыўся штогадовы турнір па мікра-футболе “Кубак Дона Боско”. Сёлета спаборніцтва праводзілася ўжо ў 8 раз і ўдзел у ім прыняло шэсць каманд: “Ветэраны Марока”, “Землякі”, “Ляпіс”, “Салезіяне”, “Радыё Марыя” і “Мірыэль”.

Па рэгламенту ўдзел у турніры можа прыняць любы жадаючы, калі ён дасягнуў шаснаццацігадовага ўзросту і мае каманду. У гэтым годзе, як і заўсёды, на гульні збіралася каталіцкая, праваслаўная моладзь, юнакі іншых веравызнанняў, а таксама і тыя, хто не адносіць сябе да якой-небудзь канфесіі. Варта адзначыць, што ў складзе “Салезіянаў” гулялі святары: кс. Віктар Гайдукевіч SDB, рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі, кс. Павел Шчарбіцкі SDB, а месца на браме заняў кс. Францішак Рудзь, пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у Каменнай Горцы. Дапоўнілі склад каманды салезіяне супрацоўнікі.

Як і кожны год, турнір меў не толькі спартыўны імпульс, але і момант фармацыі. У гэтым годзе дэвіз турніру быў сугучны з дэвізам Генеральнага настаяцеля салезіянскага таварыства на бягучы год: “Рэальныя пацаны – рэальная святасць”. Парад кожнай гульнёй арганізатары распавядалі хлопцам пра жыццё якога-небудзь святога мужчыны, апісанне якой было аформлена ў выглядзе карткі з папулярнага футбольнага сімулятара-Fifa. Карткі вешаліся на сцяну залі, у якой праходзілі гульні, і з цягам часу ўтварылася сапраўдная футбольная каманда са святых, галоўным трэнерам ў якой стаў Езус Хрыстус. Адначасова на іншай сценцы стваралася яшчэ адна каманда, на гэты раз з удзельнікаў турніру. Побач з карткамі з выявамі гульцоў пад лічбай стоадсоткавага паказальніка святасці стаяў матэматычны сімвал імкнення, што сімвалізавала перакананне, што кожны можа стаць святым і гэта рэальна. Трэнерам каманды хлопцаў стаў ксёндз Боско. Такім чынам, хлопцы згулялі з камандай святых імправізаваны таварыскі матч, падчас якога святыя дзяліліся з хлопцамі сваім вопытам і досведам дасягнення святасці.

Кажучы непасрэдна пра футбол, варта адзначыць, што на спартыўнай пляцоўцы было вельмі горача. Спачатку каманды згулялі ў турніры кожны з кожным у турнірнай сетцы, па выніку гэтых гульняў дзве каманды, якія занялі першае і другое месца, адразу трапілі ў паўфінал, а астатнія змагаліся паміж сабою ў чвэрцьфіналах. Па выніках усіх гульняў склаліся такія паўфінальныя пары: “Салезіяне” – “Мірыэль” (перамогу з лікам 2-3 атрымаў “Мірыэль”) і “Ляпіс” – “Землякі” (перамогу з лікам 2-0 святкавалі “Землякі”). У гульні за 3 месца ў вельмі ўпартай і прыгожай барацьбе “Ляпіс” перамог каманду “Салезіяне” з лікам 3-2. Фінальная гульня стала сапраўдным упрыгожваннем турніру, было шмат вартых футбольных момантаў, накал барацьбы і прыгожыя галы. У рэшце рэшт перамогу з лікам 2-1 атрымалі “Землякі”. Такім чынам, яны разам з камандамі “Савіо” і “Вінегрэт” сталі двухразовымі пераможцамі “Кубка Дона Боско”. Сачыць за прамымі трансляцыямі матчаў можна было ў рэжыме рэальнага часу на юцюб-канале sdb.by, а больш фотаздымкаў з турніру можна ўбачыць па хэштэгу #КДБ8.

Свае ўзнагароды пераможцы атрымаюць падчас святочнай праграмы “Дон Боско шоў”, якая адбудзецца 27 снежня пасля святой Імшы ў 12.00 у мінскім араторыі па адрасе: вул. Пляханава, 28/1. Шчыра запрашаем усіх наведаць гэтае свята! Не забывайце, што святасць магчыма для кожнага!

 

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Усе мы павінны прымаць удзел з Езусам у Яго крыжы, а нашым крыжам з’яўляецца цярпенне

Св. Ян Боско