Пятніца, 04 Студзень 2019 22:34

Актава Божага Нараджэння ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні

Аўтар Марта Адахоўская, аніматар

Сёлета актава Божага Нараджэння ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні была насычана шматлікімі падзеямі і мерапрыемствамі.

Святкаванне Урачыстасці Божага Нараджэння пачалося з традыцыйнай Вігілійнай святой Імшы апоўначы – Пастэркі. Сваё слова падчас казання да вернікаў скіраваў пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB. “Божае Нараджэнне – гэта менавіта тое свята, калі ніхто не павінен быць адзінокім. Аплатка, якой мы дзелімся, сімвалізуе не толькі Бэтлеем – горад хлеба, не толькі чысціню Езуса Хрыста, але і ўзаемную любоў, спагаду, дабрыню”, - адзначыў кс. Алег.

Пасля святой Імшы моладзь была запрошана ў араторый імя св. Яна Боско для ламання аплаткай. Святочная атмасфера, прасякнутая духам любові і дабразычлівасці, спрыяла збліжэнню моладзі і супольнаму перажыванню Божага Нараджэння.

25 снежня вернікі, жыхары і госці горада былі запрошаны на калядны спектакль “Шлях надзеі”, падчас якога яны змаглі ўбачыць прыгожае выступленне, насычанае танцамі, спевамі, Божым Словам і разважаннем над Божым Нараджэннем ў жыцці сучаснага чалавека. Пасля спектакля былі падведзены вынікі сямейнага конкурсу “Мама, тата, я – творчая сям’я” на лепшую Бэтлеемскую стаенку. Кожная сям’я атрымала падарунак і салодкі пачастунак, а пераможцы – сертыфікат у кафэ.
Сваёй радасцю ад сустрэчы з нованароджаным Хрыстом 26 снежня моладзь таксама падзялілася, наведваючы дамы некаторых вернікаў з парафіі падчас святочнага калядавання. Моладзь пад кіраўніцтвам с. Валянціны Кот FMA спевамі і каляднымі забавамі склала свае пажаданні з нагоды святаў.

Вечарам 27 снежня ўдзельнікі дзіцячага хора “Вясёлыя ноткі” разам са сваімі бацькамі завіталі ў дом да сясцёр салезіянак, дзе іх чакала дзяленне аплаткай, а таксама шмат сюрпрызаў і магчымасць больш пазнаёміцца паміж сабою і падзякаваць Богу за 2018 год.

28 снежня дзеці з “Савіо-клуба” разам з аніматарамі наведалі Сестрынскі Дом Апекі пры Цэнтральнай Смаргонскай бальніцы. Праз вершы, спевы і смачныя святочныя пернікі, якія удзельнікі клуба самі выпякалі і ўпрыгожвалі, яны падтрымалі людзей старэйшага пакалення і падзяліліся часткай сваёй радасці.

Ружанцовая група дзяцей са Смаргоні наведала мінскую парафію св. Яна Хрысціцеля 29 снежня, каб прыняць удзел у аплаткавай сустрэчы з Арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Сустрэча распачалася святой Імшой, працяг чакаў прысутных у салезіянскім араторыі. Аніматарамі і моладдзю была падрыхтавана святочная праграма і непасрэдна дзяленне аплаткай з Мітрапалітам і ўсімі прысутнымі.

Вечарам 30 снежня араторый святога Яна Боско сабраў усю Салезіянскую сям’ю Смаргоні для агульнага ламання аплаткай. Для ўдзельнікаў рознага ўзросту моладзь падрыхтавала праграму з удзелам святога Мікалая. Удзельнікі сустрэчы добра правялі час, спяваючы калядкі, прымаючы ўдзел у латарэі, а таксама дзелячыся аплаткай і выказваючы адно аднаму шчырыя пажаданні з нагоды Божага Нараджэння і Новага года.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Не выхваляйцеся ніколі тым, што ведаеце. Чым болей ты ведаеш,  тым болей сазнаеш , што шмат не ведаеш.

Св. Ян Боско