Субота, 29 Снежань 2018 22:52

Аплатковая сустрэча Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з дзецьмі

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

29 снежня адбылася аплатковая сустрэча Метрапаліта Мінска-Магілёўскага Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з дзецьмі. Спатканне па традыцыі адбывалася ў салезіянскай парафіі імя Св. Яна Хрысціцеля ў Мінскай Серабранцы.

Распачалася сустрэча са святой Імшы, якая выглядала вельмі святочна, прэзбітэрыўм быў запоўнены святарамі, якія прыбылі разам са сваімі парафіяльнымі групамі, таксама было і шмат маладых міністрантаў, а Серабранская капліца ледзь змясціла ўсіх дзетак і іх бацькоў, якія прыбылі на сустрэчу.

Падчас навукі арцыбіскуп Тадэвуш звярнуўся да дзяцей і праз шэраг пытанняў высветліў, што яны ведаюць пра Божае Нараджэнне. Варта адзначыць, што дзеці вельмі трапна адказвалі на пытанні Метрапаліта і паказалі, што яны вельмі добра ведаюць гісторыю нараджэння Збаўцы. Пасля іерарх пажадаў дзеткам і іх бацькам каб заўсёды дзверы ў іхніх сэрцах былі адчынены для Езуса.

Калі завяршылася Імша ўсе перайшлі ў будынак салезіянскага араторыя, дзе і адбылася аплатковая сустрэча. Мясцовай моладдзю і аніматарамі была падрыхтавана святочная праграма, з бансамі, спевамі і тэатральным прадстаўленнем. На вялікую радасць дзяцей іх прывітаў казачны персанаж, а менавіта Карлсан, які правёў з дзецьмі некалькі забаў і дапамог падрыхтавацца да выступлення артыстаў. У сцэнцы два мушкецёры спрачаліся паміж сабою аб існаванні Бога, але нябесныя зорачкі, лясныя жывёлы, анёл Габрыэль а пасля ўжо і Юзаф з Марыяй пераканалі няверуючага ў тым, што Бог сапраўды існуе, і што Езус нарадзіўся для кожнага з нас.

Дзяленне аплаткай для дзяцей было сапраўднай радасцю, яны з вялікай ахвотай выстраіліся ў чаргу, каб выказаць свае пажаданні Метрапаліту, таксама амаль кожны жадаў і сфатаграфавацца з арцыбіскупам. Дзяліліся дзеці і паміж сабою, сваімі бацькамі, святарамі і сёстрамі якія прысутнічалі на сустрэчы.

У гэтым годзе на сустрэчу сабралася каля 250 дзяцей са шматлікіх парафій, прыемна бачыць такую вялікую колькасць маладых каталікоў.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Пабожнасць, навука, радасць – яны прынясуць вам шмат салодкага, як мёд, задавальнення.

Св. Ян Боско