Аўторак, 18 Снежань 2018 21:03

Аплаткавая сустрэча з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прайшла ў Мінскай абласной клінічнай бальніцы

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

18 снежня 2018 года ў Мінскай абласной клінічнай бальніцы ў Бараўлянах адбылася аплаткавая сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з медыкамі і пацыентамі ўстановы аховы здароўя. Дзякуючы намаганням святароў салезіянаў, якія нясуць паслугу ў Бараўлянах, у бальніцы ўжо не першы год дзейнічае каталіцкая капліца, дзе кожную сераду ў 17.00 адбываецца святая Імша.

Напачатку сустрэчы ўсе сабраныя разам заспявалі калядныя спевы, а пасля арцыбіскуп звярнуўся да прысутных са словамі прывітання і віншавання з надыходзячымі святамі. Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што калі Езус нарадзіўся, да Яго не прыйшлі ні багатыя людзі, ні кароль Ірад, ні святары Старога Запавету, а прыйшлі простыя людзі, тыя, якія хацелі ўбачыць Езуса, тыя, якія прагнулі збаўлення. І сёння залежыць толькі ад нас, ці гатовыя мы прыняць Бога ў свае сэрцы. “Езусу давялося нарадзіцца ў стайні, Яму не было месца ў гасцініцы. Так і ў сучасным свеце – Езусу няма месца ў эканоміцы, у палітыцы, няма месца ў сучаснай культуры, спадзяюся, што ёсць месца тут у шпіталі”, – скончыў сваю прамову іерарх.

Пасля благаслаўлення аплаткаў прысутныя дзяліліся імі паміж сабою, выказваючы адно аднаму святочныя віншаванні. Шматлікія пацыенты прасілі дазволу ўзяць аплаткі з сабой, каб занесці хворым, якія па стану здароўя не змаглі прыйсці на сустрэчу.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў некалькі палат, каб асабіста павіншаваць пацыентаў бальніцы з надыходзячым святам Божага Нараджэння і пажадаць ім хутчэйшага выздараўлення.

На развітанне з Тадэвушам Кандрусевічам супрацоўнікі балініцы падарылі іерарху памятны фотаздымак з мінулага года і адзначылі, што сустрэчы з арцыбіскупам для іх вельмі важныя і заўсёды прыемныя і менавіта з іх пачынаецца адчуванне надыходзячых зімовых святаў.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Хто ведае, што яго любяць, той таксама любіць.

Св. Ян Боско