Панядзелак, 17 Снежань 2018 00:01

У Мінску прайшла аплаткавая сустрэча Салезіянскай сям'і

Аўтар

15 снежня ў мінскім араторыі імя св. Яна Боско пры парафіі св. Яна Хрысціцеля адбылася аплаткавая сустрэча Салезіянскай сям’і. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі трох галін салезіянскай харызмы: святары салезіяне, сёстры салезіянкі і салезіянесупрацоўнікі, а таксама іх бацькі і родныя.

Напачатку сустрэчы са словамі віншаванняў да сабраных звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Святар адзначыў, што яму вельмі прыемна збірацца разам з людзьмі, якія палаюць салезіянскай харызмай і рэалізуюць яе ў Беларусі. Таксама кс. Віктар пажадаў прысутным мець “добры зрок”, каб заўважаць нованароджаннага Хрыста ў сваёй штодзённасці, у клопатах і абавязках.

Пасля адбылася супольная малітва і благаслаўленне аплаткаў, і ўсе прыступілі да віншаванняў і пажаданняў з нагоды надыходзячага Божага Нараджэння. Завяршылася сустрэча традыцыйнай каляднай куццёй з сушкамі і макам.

Аплаткавыя сустрэчы для салезіянаў сталі ўжо добрай традыцыяй, якая спрыяе ўзмацненню добрых адносін адно з адным і дапамагае перажываць святы з адчуваннем еднасці ў харызме святога Яна Боско.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Араторый без музыкі, як цела без душы.

Св. Ян Боско