Нядзеля, 02 Снежань 2018 01:10

Салезіянская сям’я Смаргоні сабралася на супольную малітву ў дзень успаміну св. Яна Боско

Аўтар

Апошні дзень месяца для Салезіянскай сям’і з’яўляецца асаблівым, бо гэта дзень успаміну св.Яна Боско. Салезіянская сям’я Смаргоні – айцы салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, члены Асацыяцыі Марыі Успамогі – на Радзе Араторыя прыняла рашэнне менавіта ў гэты дзень кожны месяц сустракацца на супольную малітву.

30 лістапада малітва распачалася з выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту і Навэнны да Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Затым усім прысутным было прапанавана памаліцца за памерлых са сваіх сем’яў, а таксама паразважаць над такімі паняццямі як “смерць”, “Божая Міласэрнасць” і “жыццё”. Члены Асацыяцыі Марыі Успамогі, якія рыхтавалі і праводзілі малітоўнае спатканне, задалі вернікам пытанні прынцыповага характару: чаму смерць? чаму наша цела вяртаецца ў прах? чаму мы павінны адчуваць боль расставання з нашымі блізкімі? што чакае нас пасля смерці?

Кс. Боско, выхавальнік маладых людзей, вельмі часта казаў пра смерць дзецям і падлеткам. Ён хацеў, каб кожны чалавек быў падрыхтаваны да спаткання з Богам у кожную хвіліну свайго жыцця. Ён казаў: “Падумайце кожны вечар, калі вы павінны былі б памерці сёння, які б быў ваш лёс?”. Таксама св. Ян Боско прамаўляў: “Я ніколі не чуў, што хоць нехта на смяротным ложы быў бы задаволены тым злом, якое ён учыніў у жыцці”.

Напрыканцы малітвы кс.Алег Жураўскі SDB прамовіў да ўсіх прысутных слоўка на добрую ноч, якое грунтавалася на сне св.Яна Боско.

Думкі ксяндза Боско

Самае найлепшае, што можна зрабіць у гэтым свеце, — гэта прывесці згубленыя душы на шлях цнотаў, што вядзе да Бога.

Св. Ян Боско