Панядзелак, 26 Лістапад 2018 20:30

У Смаргоні прайшоў музычны фестываль “Цэцыліяда-2018”

Аўтар

24 лістапада ў араторыі імя св. Яна Боско ў Смаргоні (парафія св. Міхала Арханёла) адбыўся ўжо восьмы музычны фестываль “Цэцыліяда-2018”. “Радуйцеся заўсёды ў Пану” (Фл.4:4) — менавіта гэтыя радкі з Бібліі сталі тэмай фестывалю.

Свята распачаў пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB, які правёў малітву і благаславіў усіх прысутных.

“Цэцыліяда” збірае шмат творчых людзей, якія прагнуць падзяліцца сваімі здольнасцямі, пазнаёміцца і знайсці новых сяброў, узбагаціцца духоўна, але самае галоўнае — падзякаваць і праславіць Нябеснага Айца сваімі талентамі.

Святочны фестываль адкрылі салезіяне супрацоўнікі, якія падрыхтавалі сцэнку пра жыццё св. Цэцыліі. Музычныя нумары былі вельмі разнастайныя. Гледачы мелі магчымасць паслухаць выступленне дзіцячага хору парафіі “Вясёлыя ноткі”, а таксама сольныя спевы юных артыстаў. Свае музычныя высутпленні прадставілі таксама салезіяне супрацоўнікі, “Савіо-клуб”, аніматары, члены Асацыяцыі Марыі Успамогі. Парафіяльны гурт “Пілігрымы” традыцыйна парадаваў прысутных сваім непаўторным выступленнем. Дзіцячы творчы ўзорны танцавальны калектыў “Мішутка”здзівіў гледачоў сваёй прафессійнасцю і крэатыўнасцю пастаноўкі нумароў.

З нагоды надыходзячага дня нараджэння і імянін кс. Здзіслава Вэдэра SDB моладзь прадставіла яму свой сюрпрыз, выканаўшы любімы спеў святара Barca.

Ужо стала прыгожай традыцыяй, што напрыканцы свята усе ўдзельнікі фестывалю разам спяваюць гімн араторыя. Пасля сумеснага спева кс. Алег Жураўскі SDB раздаў памяткі ўдзельнікам канцэрта і па добрай салезіанскай традыцыі прамовіў да ўсіх слоўка на добрую ноч.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Калі з’яўляемся хрысціянамі, павінны наследаваць Езуса Хрыста таксама і ў цярпенні

Св. Ян Боско