Серада, 07 Лістапад 2018 01:46

У Смаргоні адбылося першае спатканне групы “Пошук”

Аўтар

3 і 4 лістапада ў Смаргоні адбылося першае спатканне групы “Пошук” для хлопцаў і дзяўчат з 10-11 класаў і вышэй. Сустрэчу арганізавалі айцы салезіяне і сёстры салезіянкі.

Спатканне праводзілася з мэтай даць моладзі магчымасць нанова адкрыць прыгажосць хрысціянскага жыцця і ўбачыць сябе па-новаму. Удзельнікі два дні разважалі над тэмай “Я – гэта дар”.

Юнакі і дзяўчаты ўдзельнічалі ў канферэнцыях, падчас якіх атрымалі парады па пошуку свайго паклікання, дзяліліся сваімі разважаннямі і вопытам, а таксама мелі час на асабістую малітву. Таксама для моладзі салезіянамі супрацоўнікамі была арганізавана гульня-квэст. Прымаючы ў ёй удзел, моладзь навучылася працаваць у камандзе і лепш пазнаёмілася са Смаргонню.

Напрыканцы першага дня ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць памаліцца ў цішыні падчас адарацыі.

Другі дзень сустрэчы распачаўся святой Імшой, якую ўзначаліў кс.Алег Каралёў SDB. Падчас гаміліі святар звярнуў увагу на тое, што трэба мець Бога як цвёрдую апору свайго жыцця і не забываць пра тых, хто знаходзіцца побач.

Напаследак былі падведзены вынікі, калі ўдзельнікі не толькі падзяліліся сваімі ўражаннямі, а таксама выказалі прапановы і пажаданні на будучыя сустрэчы.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Я жадаю студэнтам, каб змаглі пазнаць свецкую навуку, не  забываючыся пра науку Святых.

Св. Ян Боско