Чацвер, 01 Лістапад 2018 00:34

Беларусь наведалі прадстаўнікі Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў (ADMA) з Італіі

Аўтар

27 і 28 кастрычніка салезіяне Беларусі прымалі італьянскіх прадстаўнікоў адной з асноўных груп Салезіянскай сям’і – ADMA, Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў. У названую групу ўваходзяць людзі, якія будуюць сваю духоўнасць на дзвюх калонах: Эўхарыстыі і Марыі.

Асацыяцыя паўстала яшчэ 150 год таму. Ксёндз Боско па загаду Маці Божай пабудаваў у Турыне (Італія) базіліку Марыі Успамогі Хрысціянаў. Але праз атрыманыя знакі ён таксама зразумеў, што Марыя жадае, каб паўсталі сцены і з “жывых камянёў”. Справа ў тым, што сродкі на будову базілікі ў Турыне былі сабраныя з ахвяр бедных веруючых, якія атрымалі пэўныя ласкі і сталі сведкамі цудаў, молячыся навэнну да Марыі Успамогі Хрысціянаў. Так узнікла ідэя заснаваць групу ADMA (Associazione di Maria Ausiliatrice), якая сёння налічвае больш за 700 лакальных груп з рознымі накіраванасцямі дзейнасці ў 50 краінах свету.

У мінулым годзе група ADMA з’явілася ў Смаргоні, а ў Мінску – група ADMA-сям’я. Каб лепш пазнаць гісторыю, зразумець спецыфіку харызмы і месца ў Салезіянскай сям’і менавіта гэтай супольнасці, салезіяне запрасілі ў Беларусь экс-прэзідэнта Асацыяцыі і яго жонку. У суботу, 27 кастрычніка, адбылася сустрэча гасцей з айцамі салезіянамі і сёстрамі салезіянкамі, якія з’яўляюцца духоўнымі кіраўнікамі названых груп і хочуць будаваць святыню ў гонар Марыі Успамогі Хрысціянаў з “жывых камянёў” у Беларусі. Сусветны вопыт і душпастырскія прапановы жыць простай штодзённай духоўнасцю на падмурку Эўхарыстыі і асаблівай пашаны да Марыі Успамогі Хрысціянаў з’яўляюцца актуальнымі таксама і для Беларусі. Да гэтага вопыту запрошаны людзі розных узростаў і сацыяльных і жыццёвых становішчаў, ахопліваё ён таксама моладзь і сем’і.

У другі дзень візіту была арганізавана сустрэча духоўнай адновы для ўдзельнікаў гэтых груп са Смаргоні і Мінску. Сабраныя сустрэліся на супольнай Эўхарыстыі, разважалі над Святым Пісаннем, пазнаёміліся з асабістым вопытам гасцей і таксама з вопытам членаў Асацыяцыі з усяго свету, наноў адкрылі для сябе прыгажосць выбранага шляху.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Пан Бог чакае нашых спраў і дае сродкі, каб іх выканаць. Хто працуе для дасягнення Божай мэты, той мае права на гэтыя сродкі і можа быць упэўнены, што дасягне яе

Св. Ян Боско