Панядзелак, 15 Кастрычнік 2018 18:33

Свята для матуль прайшло ў Смаргоні

Аўтар Памочнік аніматара Святлана Дудко

14 кастрычніка ў араторыі імя св. Яна Боско пры парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылося свята для матуль.

Свята распачалося святой Імшой, падчас якой кс. Алег Жураўскі SDB заахвоціў дзяцей да выканання Божай волі праз малітву, чытанне Слова Божага, выкананне Божых запаведзяў.

Пасля св. Імшы дзеці разам з бацькамі накіраваліся ў араторый, дзе іх ўжо чакалі арганізатары праграмы. Гасцямі свята сталі казачныя персанажы Маманцёнак і Умка. Героі разам з дзецьмі вандравалі па свеце, каб даведацца, што любяць матулі!

Для матуль былі падрыхтаваныя цікавыя музычныя сюрпрызы, гульні, у якіх яны з захапленнем і радасцю ўдзельнічалі. Канешне ж, дзеці і іншыя ўдзельнікі раздзялялі з мамамі свята і з ахвотай далучаліся да святочнай праграмы.

Некаторыя з удзельнікаў падчас свята мелі магчымасць расказаць пра сваю матулю і пра віншаванне і падарунак, які яны зрабілі для яе. Вось як сказала адна з дзяўчат: “Для мяне матуля – самы родны і блізкі чалавек. У гэты святочны дзень я павіншавала яе і сказала самыя ласкавыя словы. Падзякавала за жыццё, якое яна мне падарыла.”

На завяршэнне свята прагучала слоўка, падчас якога с. Валянціна Кот FMA падкрэсліла, што кожная маці – гэта вялікі скарб, які атрымаў кожны чалавек на зямлі і якім трэба вельмі даражыць. Мама – адзіны чалавек, які любіць цябе проста за тое, што ты ёсць.

Свята завяршылася малітвай за матуль і салодкім пачастункам.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Шчыры, сыноўскі, светлы давер Марыі, сталая пабожнасць дазволілі вам пераадолець кожную цяжкасць, быць вытрывалымі, патрабуючымі у адносінах да сябе

Св. Ян Боско