Аўторак, 18 Верасень 2018 21:07

Моладзь, вера, распазнанне паклікання: агульнабеларуская фармацыя салезіянскіх аніматараў адбылася ў Смаргоні

Аўтар

З 15 па 16 верасня ў смаргонскім араторыі імя св. Яна Боско адбылася агульнабеларуская фармацыя салезіянскіх аніматараў. На ёй сустрэліся амаль усе аніматары і кандыдаты ў аніматары з Мінска, Смаргоні і Бараўлян.

 

Першая частка фармацыі распачалася ў новым доме сясцёр салезіянак, дзе не толькі можно было смачна падсілкавацца, але і супольна памаліцца брэвіарый (малітва псалмамі) і паслухаць слова, якое скіравала да моладзі с. Ірына Барцэвіч FMA.

Працяг вечара прайшоў у араторыі, дзе маладыя людзі пазабавіліся ў гульні, а таксама маглі падзяліцца адзін з адным сваім станам, гаворачы пра тое, што яны адчуваюць, які кожны з іх зараз, а пасля гаворачы пра мары: што жадаюць адчуваць, якімі хочуць быць.

Далей кс. Павел Шчарбіцкі SDB прапанаваў “фішку дня”: у загаддзя падрыхтаванныя канверты падчас усёй сустрэчы можно было пакінуць адзін аднаму “слоўка на вушка” па прыкладу св. Яна Боско, які казаў сваім выхаванцам нешта вельмі асабістае і важнае на вуха.  

Напрыканцы ўсіх чакала галоўная сустрэча першага дня – з Езусам падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Сястра Валянціна Кот FMA разам з дзяўчатамі дапамагла прысутным глыбей перажыць адарацыю, падрыхтаваўшы разважанні на тэму паклікання.

Другі дзень фармацыі таксама быў насычаны: быў час на малітву, размовы, сняданне. Галоўным момантам стала нядзельная святая Імша. Пасля св. Імшы с. Юлія Клявец FMA і с. Дар’я Еўтухоўская FMA прадставілі моладзі прэзентацыю на тэму надыходзячага сіноду: “Моладзь, вера, распазнанне паклікання”, а таксама ліст да моладзі ад Папы Францішка. “Неабходна, каб юнакі і дзяўчаты ўзялі ва ўласныя рукі сваё жыццё, скіравалі яго на самыя цудоўныя і глыбокія рэчы і заўсёды захоўвалі чыстыя сэрцы.”

Заключным момантам сустрэчы стала падзяка ўсім, хто дапамог у падрыхтоўцы да фармацыі аніматараў. А таксама шчырыя размовы, дзе кожны падзяліўся, што яго найбольш уразіла падчас сустрэчы. Зрабіўшы канкрэтныя крокі адносна свайго паклікання быць аніматарам, усе ўдзельнікі накіраваліся дахаты, памятаючы, што маладосць – час для святасці!

 

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Пабожнасць, навука, радасць – яны прынясуць вам шмат салодкага, як мёд, задавальнення.

Св. Ян Боско