Аўторак, 28 Жнівень 2018 14:16

У Смаргоні падзякавалі за служэнне с.Вераніцы Огар FMA і с.Дар’і Еўтухоўскай FMA

Аўтар Вераніка Рогач, салезіянка супрацоўніца

27 жніўня ў смаргонскай парафіі св.Міхала Арханёла падзякавалі за служэнне с.Вераніцы Огар FMA і с.Дар'і Еўтухоўскай FMA. Два гады сёстры служылі дзецям і моладзі ў араторыі, падчас катэхізацыі і дапамагалі ў парафіі.

 

На святой Імшы сабраліся парафіяне, дзеці і моладзь, каб скласці Богу падзяку за дар служэння сясцёр, а таксама маліцца аб далейшым благаслаўленні на шляху іх паклікання. Пасля сумеснай малітвы жадаючыя склалі сёстрам сваю падзяку і пажаданні. Усе прысутныя былі запрошаны ў араторый, дзе моладзь падрыхтавала невялічкія сюрпрызы і салодкі пачастунак. Аніматары ад імя моладзі выказвалі сёстрам добрыя словы і пажаданні. У сваю чаргу с. Дар'я і с. Вераніка пажадалі моладзі з адкрытым сэрцам прымаць тых, хто прыязджае служыць у Смаргонь - сясцёрі ксяндзоў, дапамагаць ім справай і малітвай.


Моладзь падарыла с.Дар'і і с.Вераніцы фотакалаж з самымі яркімі момантамі іх жыцця ў Смаргоні за два гады.


З развітальнымі словамі падзякі звярнуўся да сясцёр кс.Алег Жураўскі SDB. Прыпомніўшы ўсім словы св. Яна Боско "Нагамі хадзіце па зямлі, а сэрцам жывіце ў Небе", пробашч падарыў сёстрам незвычайныя парасоны з выявай аблок на небе. Сёстры выказалі падзяку прысутным за прыклад і сведчанне, дапамогу і адкрытасць, прасілі аб далейшай малітве за іх. Асабіста аніматарам сёстры пажадалі памятаць, што араторый - гэта іх дом, дзе яны павінны служыць адзін аднаму і іншым.


Далей моладзь запрасіла ўсіх прысутных на салодкі пачастунак.

 

Думкі ксяндза Боско

Пабожнасць, навука, радасць – яны прынясуць вам шмат салодкага, як мёд, задавальнення.

Св. Ян Боско