Чацвер, 16 Жнівень 2018 16:02

15 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адзначылі парафіяльную ўрачыстасць

Аўтар

15 жніўня ў салезіянскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адзначылі парафіяльную ўрачыстасць. Святая Імша распачалася з прывітальных словаў да ўсіх сабраных з боку мясцовага пробашча ксяндза Здіслава Пікулы SDB, а таксама словаў віншавання ад імя парафіян і моладзі.

Нагод для віншаванняў было некалькі. У першую чаргу віншавалі шаноўнага юбіляра ксяндза Юзафа Занеўскага SDB, які адзначаў сорак год святарскага жыцця. Віншавалі таксама сястру Валянціну з супольнасці бернардынак, якая паходзіць з дзятлаўскай парафіі, яна адзначала пятнаццаць год манаскага жыцця. Таксама парафіяне не маглі не павіншаваць з маленькім святам і свайго пробашча ксяндза Здіслава Пікулу SDB - з чацвёртым годам служэння на Дзятлаўшчыне.

Літургію ўзначаліў юбіляр ксёндз Юзаф Занеўскі SDB, а з казаннем да прысутных звярнуўся пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Міхалішках ксёндз Анатолій.

Ксёндз Анатолій звярнуў увагу на тое, што католікаў часам крытыкуюць за тое, што яны “вельмі Марыйныя”, што нібыта яны пакланяюцца Марыі больш, чым Богу. І сапраўды, калі паглядзець, то найбольш буйныя і славутыя санктуарыі ў свеце прысвечаны Марыі: Фаціма, Люрд, Чэнстахова. Таксама варта прыпомніць Будслаў, Лагішын, Гудагай, Тракелі. Але гэта не азначае, што для нас Марыя ідзе перад Богам, Яна не засланяе Езуса, Яна нясе Яго на сваіх руках, Яна набліжае Бога да нас. І ўсе названыя санктуарыі - гэта людская ўдзячнасць за тое, што Марыя дала нам Сына Збавіцеля.

Пасля казання вернікі неслі да алтара дары зямлі і плод працы рук людскіх: садавіну, гародніну, снапы. Асаблівай прыгажосцю выдзялялася карона для Маці Божай, сплеценая з кветак і траў. Нягледзячы на тое, што ўрачыстасць адбывалася пасярэдзіне працоўнага дня, касцёл быў цалкам запоўнены, некаторым людзям нават давялося стаяць на вуліцы, бо ў святыні ўжо не было месца, вельмі шмат было дзетак і моладзі.

Напрыканцы святой Імшы адбылося асвячэнне садавіны і гародніны, а пасля парафіяне прайшлі ўрачыстай працэсіяй вакол касцёла, адаруючы Найсвяцейшы Сакрамант.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Араторый без музыкі, як цела без душы.

Св. Ян Боско