Серада, 15 Жнівень 2018 20:02

Міхаіл Вішнеўскі склаў першыя манаскія абяцанні ў Таварыстве св. Францішка Сальскага

Аўтар

15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Панны Марыі, беларус Міхаіл Вішнеўскі склаў першыя манаскія абяцанні ў Таварыстве св. Францішка Сальскага. Урачыстасць адбылася ў Папрадзе (Славакія), дзе Міхаіл адбыў гадавы навіцыят, манаскі час падрыхтоўкі да абяцанняў. Варта адзначыць міжнародную разнастайнасць сёлетняга навіцыята ў Папрадзе: разам з Міхаілам, які паходзіць з беларускага города Мёры, што на Віцебшчыне, у навіцыяце быў Мікалай з Расіі і Дамінік з Чэхіі.

14 жніўня ўся супольнасць Папрадскіх салезіянаў, госці, а таксама дастойныя настаяцелі кс. Ёзаф Іжольд SDB, інспектар Славакіі, кс. Пэтэр Вацюлік SDB, інспектар Чэхіі і рэгіянальны настаяцель беларускіх салезіянаў кс. Віктар Гайдукевіч SDB сабраліся ў навіцыяце на малітву ўрачыстых нешпараў, пад час якіх адбыліся аблучыны ( абрад прыняцця духоўнага адзення) навіцыяў і прыняцце новых кандыдатаў на наступны год. Пасля абраду Міхіал, Мікалай і Дамінік падзякавалі магістру навіцыята і ўсёй супольнасці за пражыты разам год, пакінуўшы як памятку ў навіцыяце фота навіцыяў з мясцовай супольнасцю.

Кульмінацыяй свята стала Эўхарыстыя, якую цэлебравалі 15 жніўня ў касцёле св. Яна Евангеліста ў Папрадзе. Пад час св. Імшы кандыдаты склалі Богу абяцанне жыць у паслухмянасці, убогасці і чысціні ў духу св. Яна Боско. Пад час абраду новыя салезіяне атрымалі з рук інспектара салезіянскую канстытуцыю, якая павінна стацца для іх шляхам да салезіянскай дасканаласці і дапамагчы ў збаўленні як сваёй душы, так і душаў тых, каго пашле на іх шляху Бог.
На заканчэнне святой Імшы да сабраных са словам звярнуўся кс. Віктар Гайдукевіч SDB, які падзякаваў Богу і славацкім салезіянам за фарміраванне паклікання кл. Міхаіла Вішнеўскага, падкрэсліваючы, што кожнае пакліканне - гэта будучыня салезіянскай Беларусі.

Трэба падкрэсліць, што ў Славакію на ўрачыстасць першых манаскіх абяцанняў прыбыла вялікая дэлегацыя з Беларусі: салезіяне, салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, аніматары, родныя кл. Міхаіла. Пасля цырымоніі ў святыні ўсе былі запрошаны на падворак салезіянскага дома, дзе гасцей чакаў пачастунак і цікавыя размовы.

Цяпер Міхаіл Вішнеўскі з'яўляецца салезіянінам ксяндза Боско. Наступным этапам фармацыі для яго на шляху падрыхтоўкі да святарства будзе вывучэнне філасофіі, якое будзе праходзіць ў славацкім горадзе Жыліна.

Медыя

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Тое, што служыць целу, у выніку павінна весці да шчасця духоўнага, павінна павялічваць хвалу Бога.

Св. Ян Боско