Пятніца, 20 Ліпень 2018 13:42

У Мінску прайшлі Вакацыі з Богам

Аўтар

У араторыі імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля (Серабранка), з 9 па 18 ліпеня адбыліся Вакацыі з Богам. “Слухаць і суправаджаць разам з благаслаўлёнай Лаўрай Вікуніяй”, - менавіта гэтыя словы сталі пачаткам традыцыйных салезіянскіх Вакацый з Богам.

 

Нягледзячы на тое, што многія дзеці ад’язджаюць на лета да бабуль у вёскі, у лагеры было шмат малыдых і прыгожых сэрцаў, якія прагнулі весела і з карысцю правесці свой летні час і наблізіцца да Бога.

На працягу васьмі дзён 37 дзетак разам з аніматарамі, кс. Паўлам Шчарбіцкім SDB і с. Валянцінай Кот FMA праз прызму жыця бл. Лаўры Вікуніі разважалі над сваім жыццём і шляхам да святасці. Чаму для бліжэйжашага знаёмства была абрана менавіта асоба бл. Лаўры Вікуніі? Таму што яна з’яўляецца прыгожым і яскравым прыкладам, яна кажа нават зараз: “Святасць магчыма для кожнага!”.

Восем дзён, розныя тэмы і пытанні, якія дапамаглі яшчэ больш паразважаць над сваім шляхам да святасці. Пад час вакацый дзеці разважалі над тым, кім з’яўляюцца і куды ідуць, што галоўнае ў іх жыцці. Таксама удзельнікі вакацый разважалі над такімі тэмамі, як “Хто твой сябар?”, “Шчыры/ Праўдзівы?”, “Чыстыя сэрцам!?”, “Т(с)абе ахвярую?”, “Будзь верны!”. Праграма вакацый была вельмі насычанай: штодзённая супольная Эўхарыстыя, гульні, гурткі, спевы, малітвы, бансы, паход у аквапарк, канцэрт і шмат іншага, што дапамагала весела і добра перажываць лагер.

Мы запыталіся ў удзельнікаў, з якімі ўражаннямі яны скончваюць Вакацыі з Богам – 2018.

Яўгенія, 8 год, Мінск: “Мне вельмі падабаецца ў лагеры. Радуюся, што змагла знайсці новых сяброў. Заўсёды захаплялі і захапляе праца па групах, гульні, Каронка да Божай Міласэрнасці. Тэма, якая найбольш уразіла, - “Хто я?”. Важна і цікава больш ведаць аб тым, кім я ёсць”.

Антон, 9 год, Мінск: “Чаму падабаецца ў лагеры? Бо тут мы ўсе працуем у камандах, па-сяброўску, пазнаём шмат новага. Я знайшоў новых сяброў. Тэма, якая найбольш спадабалася, - “Хто я?”. Спадабалася яна таму, што над ёй патрэбна шмат разважаць і больш даведвацца аб сабе.”

Юлія, 14 год, Мінск: “Вельмі падабаецца ў лагеры, бо тут добры калектыў. Я ўдзельнічаю ў старэйшай групе. Знайшла сабе новых сяброў, з якімі буду і далей мець зносіны. Тэма, якая закранула, - “Куды ідзеш?(пакліканне)”. Чаму яна? Бо гэта пытанне, якое варта сабе задаваць, каб крочыць да свайго паклікання, якое падрыхтаваў Бог.”

Марыя, 10 год, Парафіянава: “Я першы раз у такім лагеры і мне вельмі падабаецца, бо тут весела. Тэма, якая спадабалася, - “Хто твой сябар?”. Мы разважалі над сяброўствам, над тым, што галоўным і лепшым сябрам з’яўляецца Пан Бог. З вялікім задавальненнем прыеду на наступны лагер.”

Шмат удзельнікаў, шмат пачуццяў, але аб’ядноўвае іх адно- жаданне быць з Богам і абавязкова вярнуцца ў араторый яшчэ не адзін раз.

Кульмінацыйным момантам лагера стаў традыцыйны канцэрт, пад час якога дзеці разам з аніматарамі маглі падзяліцца са сваімі бацькамі запалам і радасцю, якія атрымалі, удзельнічаючы ў вакацыях. Напрыканцы канцэрта па салезіянскай традыцыі прагучала слоўка на добрую ноч, але незвычайным спосабам – праз сцэнку. Усім прысутным было прапанавана паразважаць над адным са сноў кс. Боско. У сне кс. Боско прадбачыў смерць аднаго са сваіх хлопцаў - Мікелле Магоннэ. На заканчэнне слоўка кс. Павел Шчарбіцкі SDB зрабіў сінтэз убачанага і звярнуў увагу на барацьбу за святасць сваёй душы і душ іншых. “Душа- гэта вялікі падарунак ад Бога, за які варта і патрэбна змагацца. Мы ў адказнасці за дар, які атрымалі. За сваю душу, за душы бацькоў, дзяцей, сяброў, мужа, жонкі. Ад кожнага з нас залежыць святаць і чысціня душы не толькі нашай, але і тых, хто побач. Мы стаім перад выбарам: змагацца і бараніць дар, альбо занядбаць яго. Выбар за табою!”

Кожная тэма, кожны дзень лагера- гэта не толькі разважанні пра сваё жыццё, але і магчымасць пазнаць бліжэй жыццё маладой дзяўчыны, якая пацвярджае, што, нягледзячы на свой узрост, прафесію, пакліканне і г.д. можна стать святым!

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Выкінце з вашага сэрца грэх і сувязь  з ім. Будзеце ведаць дастаткова, каб збавіць свае душы

Св. Ян Боско