Панядзелак, 25 Чэрвень 2018 16:50

Юбілей святарскага жыцця: у парафіі святога Яна Хрысціцеля адзнычылі 25-годдзе святарства першага пробашча

Аўтар

Ксёндз Ігар Лашук – першы пробашч парафіі святога Яна Хрысціцеля (Мінск, Серабранка) – 24 чэрвеня прыехаў да сваіх былых парафіянаў, каб разам адсвяткаваць адпустовую ўрачыстасць і 25-годдзе свайго святарства.

Пятнаццаць з гэтых 25 год святар служыў у парафіі святога Яна Хрысціцеля. Прыехаўшы, кс. Ігар мог бачыць плён свайго служэння – святыня фізічная, сцены якой працягваюць расці ўжо дзякуючы клопату іншых пастыраў, і святыня парафіяльнай супольнасці, якая пасталела і дала сваё патомства, узрасла, і частка якой ўжо заступаецца за нас у небе. Зараз ксёндз Ігар нясе святарскую паслугу ў вёсцы Багданава і працягвае будаваць святыні.

Юбіляр разам з дырэктарам мясцовай салезіянскай супольнасці кс. Паўлам Шчарбіцкім SDB, пробашчам парафіі кс. Аляксандрам Мятліцкім SDB, ксяндзом юбілярам Юзафам Занеўскім SDB канцэлебравалі ўрачыстую святую Імшу, якую ўзначаліў Яго Эксцэленцыя дапаможны біскуп Юрый Касабуцкі. Адной з інтэнцый святой Імшы была малітва ўдзячнасці Богу за дар святарства ксяндза Ігара і просьба аб Божым благаслаўленні для яго і яго блізкіх.

Біскуп Юрый, звяртаючыся да вернікаў у гаміліі, распавёў пра асобу і жыццё святога Яна Хрысціцеля, пазней параўноўваючы з ім юбіляра. Іерарх з удзячнасцю ўспомніў першыя крокі служэння кс. Ігара ў Беларусі, назваўшы святара Янам Хрысціцелем XXI стагоддзя, першапраходцам, які пачаў будову першага за 100 год касцёла, першай за доўгі час парафіі ў Мінску. Яго Эксцэленцыя падкрэсліў, што юбіляр выйшаў абвяшчаць Хрыста пасля духоўнай пустыні і рыхтаваць дарогу іншым святарам у справе фізічнай і духоўнай будовы святыняў, як святы Ян Хрысціцель дзве тысячы год таму выйшаў з пустыні, каб прапаведваць Бога, рыхтаваць дарогі Пану. Біскуп назваў юбіляра сеяцелем, які пасеяў добрае зерне ў Серабранцы, і аб гэтым зерні цяпер рупліва і нястомна клапоціцца ўся Салезіянская сям’я на чале са сваімі пастырамі. Біскуп Юрый высока ацаніў служэнне пастыраў мінскай парафіі і заклікаў людзей выразіць сваю ўдзячнасць першаму пробашчу і святарам, якія клапоцяцца аб парафіі сёння, гучнымі апладысментамі. Ён заклікаў вернікаў падтрымліваць іх малітвай, адгукацца на іх просьбы і разам клапаціцца аб парафіі. Не абмінуў увагай іерах і кс. Юзафа Занеўскага SDB – ён адзначае саракавую гадавіну святарства – з павагай называючы яго патрыярхам Касцёла ў Беларусі, які распачынаў дарогу да святарства у самыя цяжкія часы – часы пустыні СССР, як назваў іх кс. Аляксандр.
Напрыканцы Эўхарыстыі словы ўдзячнасці і віншаванняў кс. Ігару скіравалі парафіяне.

Разам з кранальнымі віншаваннямі вернікі падарылі свайму першаму пастыру ружы і арнат, які пробашч Аляксандр параўнаў са святарскімі даспехамі. Ксёндз Ігар з радасцю прыняў віншаванні, дзякуючы Богу, усім, з кім ён працаваў гэтыя пятнаццаць год, успамінаючы сваіх першых парафіянаў. Асаблівым чынам ён падкрэсліў асобу святой памяці Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка, які суправаджаў і падтрымліваў юбіляра і яго служэнне ў свой час. Святар таксама падзяліўся словамі, якія з’яўляюцца дэвізам яго жыцця: “Не пакінь жа свайго люду, Божа, без Тваёй апекі. Пану веру, дык не буду асаромлены навекі.”

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Сцеражыце свае сэрцы і свае задумы.

Св. Ян Боско