Нядзеля, 17 Чэрвень 2018 21:05

Дзень адзінства Салезіянскай сям’і адзначылі ў Смаргоні

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

16 чэрвеня ў Смаргоні Салезіянская сям’я Беларусі адзначыла дзень адзінства. На святкаванне прыбыло шмат людзей з усёй краіны: святары салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, аніматары, дзеці, моладзь і шматлікія вернікі з усіх салезіянскіх пляцовак. Ганаровымі гасцямі на свяце сталі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама ксёндз Юзаф Занеўскі SDB, які распачынаў салезіянскую справу ў Беларусі і які якраз у гэтыя дні святкаваў саракавую гадавіну святарства.

 

У самым пачатку свята пад гукі аркестра гасцей прывітала моладзь у нацыянальных строях і касалапы мішка, які з’яўляецца сімвалам Смаргоні.


Традыцыйна дзень адзінства Салезіянская сям’я адзначае ў дзень нараджэння рэгіянальнага настаяцеля. У Беларусі гэтую пасаду займае ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які адзначае свой дзень нараджэння 21 чэрвеня. Таму для салезіянаў Беларусі ўжо стала добрай традыцыяй збірацца ў першы месяц лета ў адным з месцаў сваёй прысутнасці, каб разам адзначыць дзень адзінства. Пяць год таму ў Беларусі ўпершыню адзначалі гэтае свята ў Смаргоні, у бягучым годзе дзень адзінства вярнуўся ў гэты горад.


Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр, а гамілію да прысутных прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У сваёй прамове іерарх разважаў над асобай Езуса Добрага Пастыра. “Як кажа Евангелле, над якім сёння разважаем, сапраўдны пастыр аддае жыццё сваё за авечак (пар. Ян 0,15).

Езус аддаў за нас жыццё не толькі ў тым сэнсе, што памёр за нас, але таксама ў тым сэнсе, што зрабіў нас тымі, хто мае дачыненне да Яго ўласнага жыцця, гэта значыць да Збаўлення. Бо менваіта збаўленне тых, каго палюбіў і для каго ўцелавіўся Сын Божы, было мэтай прыйсця Хрыста ў гэты свет. Той, хто не любіць так, як Езус, азначае адно, што ён не гатовы аддаць жыццё сваё за авечак сваіх, і таму не з’яўляецца добрым пастырам.

Калі кожны з нас жадае наследаваць Хрыста, як Добрага Пастыра, няхай з усіх сіл стараецца палюбіць чалавека так, каб аддаць сваё жыццё за яго.”

Таксама біскуп Аляксандр разважаў над тым, якім добрым пастырам з’яўляўся заснавальнік салезіянскага таварыства святы Ян Боско, які прысвяціў сваё жыццё беднай і пакінутай моладзі. “Прыкладам усяго свайго жыцця ксёндз Боско сведчыў і працягвае праз сваіх духоўных сыноў і дачок сведчыць аб тым, што збаўленне другога чалавека, а асабліва маладога чалавека, яго шчасце “тут на зямлі, і там у небе” было настолькі галоўным заданнем, што Айцец і Настаўнік моладзі не шкадаваў ні свайго здароўя, ні сродкаў, ні свайго жыцця, каб толькі рэалізаваць волю Бога адносна яго і сваё пастырскае пакліканне.”

Напрыканцы казання біскуп узгадаў таксама і шаноўных юбіляраў, ксяндза Віктара і ксяндза Юзафа, спыніўшыся на асобе кожнага з іх і ўзгадаўшы этапы іх святарскага служэння, а таксама пажадаўшы ім і далей наследаваць прыклад Езуса і быць добрымі пастырамі.

“Ксёндз Юзаф распачынаў сваё служэнне ў няпростыя і небяспечныя для святара часы, калі супраць веры змагаліся, забаранялі цэлебраваць святую Імшу, пагражалі. Нягледзячы на ўсе перашкоды, наш юбіляр бясстрашна працаваў на ніве Пана, рыхтаваў дзяцей да першай святой Камуніі, праводзіў катэхэзы, утварыў у Жупранах сапраўдны аазіс веры, а таксама нястомна цэлебраваў святыя Імшы ў навакольных вёсках. Па ўсім наваколлі ксёндз Юзаф нёс з радасцю харызму святога Яна Боско, быў і застаецца сапраўдным добрым пастырам, салезіянскім пастырам.”

“Пан выбраў ксяндза Віктара, простага чалавека, як кожны з нас, але ў той самы момант чалавека са шматлікімі каштоўнасцямі і здольнасцямі, ўласнымі яго асобе, якія, ў першую чаргу, з’яўляюцца дарамі Духа Святога. Мудрасць, якая праяўляе Божую прысутнасць і ўказвае на першынства Бога; салезіянскую радасць, якую можа раздзяляць з іншымі і такім чынам сеяць зерне надзеі; адкрытасць, якая дазваляе першаму выцягнуць руку, каб дапамагчы; сардэчнасць, з якой вітаецца з усімі, асабліва з моладдзю; веру ў ласку Божую і чалавечую дабрыню; патрабавальнасць айца і настаўніка; сумленнасць ў апостальскім і братэрскім служэнні.”


Напрыканцы святой Імшы арцыбіскуп Габар Пінтэр перадаў ксяндзу Віктару і ксяндзу Юзафу асабістыя віншаванні ад Папы Францішка і пастырскае бласлаўленне ад святога Айца.


Потым рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ад імя ўсёй Салезіянскай сям’і звярнуўся з вельмі кранальнымі словамі падзякі і віншавання да ксяндза Юзафа: “На нашых землях Вы ўваскрасілі салезіянскі дух, Вы нас уваскрасілі, як добры гаспадар, Вы падрыхтавалі зямлю, засеяную зернем. Толькі Бог ведае, як цяжка давалася наша Беларуская цаліна, знішчаная сонцам атэістычнай ідэалогіі і абыякавасцю сэрца і душы, як цяжка было выкараніць з людскіх сэрцаў боязь, амаральнасць, пустату. Пакінулі Вы тут, на Беларускай зямлі, прыгожую, дагледжаную зямлю. Мы, як маладое пакаленне, паліваем, полем, даглядаем, а плёны будуць збіраць маладзейшыя за нас, у гэта мы свята верым! Мы верым, што Ваша праца не будзе змарнавана, што прыйдуць новыя сабраты і ўрэшце на Беларускай зямлі заквітнее цудоўны салезіянскі сад. Ксёндз Юзаф, Вы - наша легенда, Вы - наш прыклад, за Вашу адвагу стаць святаром у такі нялёгкі час складаем паклон удзячнасці і з пакорай цалуем Вашыя святарскія далоні”.


Павіншаваў юбіляраў таксама і старшыня Смаргонскага райвыканкама Харужык Генадзь Васільевіч, які прысутнічаў на святой Імшы. Генадзь Васільевіч адзначыў, што раённыя ўлады вельмі высока цэняць супрацоўніцтва з Каталіцкім Касцёлам і працу салезіянаў у справе выхавання моладзі.


Пасля ўсіх віншаванняў прысутныя накіраваліся ў араторый, дзе адбыўся абед і працяг святочнай праграмы, падрыхтаваны салезіянамі са Смаргоні пад кіраўніцтвам пробашча парафіі св. Міхала Арханёла ксяндза Алега Жураўскага SDB.


На завяршэнне насычанага і прыгожага дня да прысутных звярнуўся ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB са словамі ўдзячнасці і традыцыйным салезіянскім слоўкам на добрую ноч.

 

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Усе мы павінны прымаць удзел з Езусам у Яго крыжы, а нашым крыжам з’яўляецца цярпенне

Св. Ян Боско