Панядзелак, 11 Чэрвень 2018 20:36

Салезіянская сям'я з візітам удзячнасці ў Багданава – Ксёндз Ігар Лашук адзначае 25-ую гадавіну святарства

Аўтар

Ксёндз Ігар Лашук – які распачынаў салезіянскую справу ў Мінску – адзначыць 25-ую гадавіну святарскага пасвячэння 15 чэрвеня. З юбілеем свайго сабрата, для кагосьці – першага пробашча, а для кагосьці – духоўнага айца, настаўніка і выхаваўцу, 9 чэрвеня ў Багданава разам з дапаможным біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB прыехалі павіншаваць і падтрымаць салезіяне і моладзь.

Пад час урачыстай святой Імшы сабраныя дзякавалі Богу за гэтыя гады служэння. Яго Эксцэленцыя ў гаміліі засяродзіў увагу на таямніцы святарства і падкрэсліў важнасць вялікай пашаны да рук святара, якія раздаюць Найсвяцейшае Цела Хрыста і маюць моц Божага благаслаўлення. “Дарагія ўдзельнікі юбілейнай урачыстасці, варта спачатку нам усім паразважаць над тым, што сённяшні юбілей 25-ці годдзя святарства гэта аказія каб: узгадаць заданне і місію святарства, зазірнуць крыху ў мінулае жыццё дастойнага юбіляра і ўзнесці падзяку Богу”.

Іерарх узгадаў, што ведае ксяндза Ігара ўжо 28 гадоў і выказаў словы ўдзячнасці за часы супольнай з юбілярам святарскай паслугі, за радасці і цяжкасці перажытыя разам.
“Як святар Езуса Хрыста, колькі людзей выспаведаў ты? Колькі разоў прамовіў святыя словы “Гэта чыніце на Маю памяць” адпраўляючы Найсвяцейшую Ахвяру? Колькі дзетак, а можа нават і дарослых ахрысцілі твае святарскія рукі? Колькі людзей ты падрыхтаваў да шчаслівай і спакойнай смерці? Колькі сужэнскіх пар злучыў сваім благаслаўленнем у новыя, хрысціянскія сем’і? Колькі гадзін прамаўляў на амбоне і ў катэхетычнай зале павучаючы верных? Колькі тых, хто дзякуючы тваім далоням і тваёй паслузе знайшоў сэнс жыцця?

Колькі адноўленых табой касцёлаў і капліц ужо ёсць, а колькі іх яшчэ будзе? Колькі будоў Божых Храмаў ты распачаў, а колькі яшчэ распачнеш?

Цяжка ўсё гэта сёння пералічыць. Дакладна, даведаемся аб гэтым у небе. Але тут на зямлі, жадаем сёння цалаваць твае святарскія далоні, як знак велічнай удзячнасці за святую і адданую святарскую паслугу, у долі і нядолі, здароў’і і хваробе, сярод прыяцеляў і сярод неразумення, падзякаваць за гады тваёй святарскай вернасці”.

Са словамі віншавання звярнуўся да ксяндза Ігара дэлегат салезіянаў на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч: “Ад імя салезіянскай кангрэгацыі, прысутнай тут на Беларусі, жадаем падзякаваць Вам за ахвярную працу на салезіянскай ніве. Асабліва дзякуем за кожнага маладога чалавека, выхаванага пад Вашым душпастырскім крылом. Дзякуем Вам за кожны пабудаваны і адбудаваны касцёл, асабліва тыя, якія зараз з’яўляюцца гонарам нашага Таварыства. Дзякуем Вам, што Вы былі адным з тых вуглавых камянёў адраджэння салезіянаў ксяндза Боско на нашай роднай зямлі. Вы – гісторыя, а гісторыю трэба шанаваць і ведаць!” Са словамі ўдзячнасці і віншаванняў сабраты сімвалічна падарылі юбіляру 25 белых руж і келіх з патэнай – сімвал святасці і ўдзячнасці за кожны год служэння і сімвал штодзённага цярпення і вырачэння.

Далей ксёндз Ігар і госці сабраліся вакол святочнага стала, успамінаючы пачатак дзейнасці Салезіянскай сям’і ў Беларусі, першыя крокі і сумеснае служэнне ў Мінску.

 

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Які добры наш Пан — Ён ніколі не дазволіць, каб мы ў чым-небудзь мелі нястачу. Давайце служыць Яму з вялікаю ахвотаю. Давайце любіць Бога ў Тройцы адзінага. Любіць дзеля таго, што Ён — наш Айцец, наш Валадар, Ён — Любоў — адзін з сямі дароў.

Св. Ян Боско