Мог прыйсці кожны жадаючы, каб паўдзельнічаць у разнастайных конкурсах і гульнях. Неабходна было толькі загадзя пакінуць “сямейную заяўку”. Рыхтавалі і праводзілі мерапрыемства аніматары разам з с. Дар’яй Еўтухоўскай FMA і кл. Юрыем Пашкаўцом SDB, а таксама самі ўдзельнікі.
Бацькі і дзеці былі падзеленыя на 3 каманды, якія змагаліся ў спаборніцтвах за ўзнагароду. Напрыклад, у першым заданні “Мазайка” бацькі павінны былі на руках пранесці па аднаму ўдзельніку на другі бок, каб потым усім разам скласці супольны малюнак. За кожны конкурс каманды атрымлівалі прадукты харчавання, з якіх напрыканцы свята бацькі прыгатавалі пачастунак для ўсіх прысутных. Падчас гульняў удзельнікі спаборнічалі ў хуткасці, збіраючы садавіну з “агарода”, у меткасці, збіваючы кеглі, ва ўважлівасці, складаючы разам мазаіку, а таксама ў адзінстве, пераходзячы праз “балота”.
Цёплая сямейная атмасфера дапамагала кожнаму падтрымліваць радасць і запал спаборніцтва, а таксама добры настрой усіх удзельнікаў і гледачоў.
Напрыканцы, пасля супольнай малітвы с. Дар’я падкрэсліла важнасць еднасці ў сям’і, якая пачынаецца ад еднасці з Богам. Менавіта Ён – сапраўдны фундамент сямейнага шчасця. На памяць аб свяце ўдзельнікі атрымалі значок з выявай людзей каля крыжа і сэрца. Потым усе былі запрошаны за супольны стол.