Серада, 22 Люты 2017 09:14

У смаргонскім араторыі адбыўся другі тур «Бітвы мікрараёнаў - 2017» — інтэлектуальны

Аўтар Кандыдат у салезіяне супрацоўнікі Вераніка Рогач

18 лютага ў cалезіанскім араторыі імя св. Яна Боско ў Смаргоні  адбыўся другі тур моладзевага праекта «Бітва мікрараёнаў» — інтэлектуальны. Мерапрыемства распачалося cвятой Імшой, на якую былі запрошаны тры каманды, арганізатары і госці.

Падчас казання кс. Алег Жураўскі SDB звярнуў увагу прысутных на тое, што сучасны свет прапануе шмат глупстваў, якія на першы погляд здаюцца прывабнымі і неабходнымі, але ў выніку аддаляюць нас ад Бога і блізкіх нам людзей. Пасля сумеснай малітвы моладзь адправілася ў араторый, дзе ў хуткім часе распачаўся наступны тур II «Бітвы мікрараёнаў».

Інтэлектуальны тур сабраў у адным зале не толькі моладзь, якая абараняла гонар свайго мікрараёна, але і дырэктараў школ, настаўнікаў, бацькоў, якія таксама хацелі дапамагчы камандам дастойна выступіць і паказаць свае веды. Камандам прапанавоўвалася прайсці чатыры этапы — «Медыяазбука», «Сорак пяць да аднаго», «Свая гульня» і «Міліянер». Гульня «Медыяазбука», падрыхтаваная на тэму «Навука», уключала 30 пытанняў на розныя літары алфавіта, прадстаўленыя ў выглядзе фотаздымкаў і малюнкаў. Мэтай удзельнікаў гульні «Сорак пяць да аднаго» было адгадаць найбольш распаўсюджаныя адказы людзей з вуліцы на прапанаваныя пытанні. Напрыклад, на пытанне «Чаму дзіця плача?» больш усяго людзей адказалі «пакрыўдзілі», а на пытанне «Што забыліся ўзяць на адпачынак» — «грошы». Сутнасць «Сваёй гульні» заключалася ў тым, што тры каманды адказвалі на пытанні рознага кошту, спрабуючы апярэдзіць адна адну. У гульні «Міліянер» удзельнікам трэба было правільна адказаць на 15 пытанняў, якія мелі чатыры варыянты адказаў. За сталом адначасова магло знаходзіцца дзесяць чалавек, уключаючы настаўнікаў, бацькоў, старэйшых сяброў. Гэты тур адрозніваўся ад іншых тым, што за адным сталом гулялі дырэктары школ, настаўнікі і моладзь. Салезіянскі дух назіраўся як на сцэне, так і ў зале, дзе каманды падтрымлівалі адна адну «крычалкамі» і апладысментамі.

Пераможцам інтэлектуальнага тура стала каманда «ВК» (203 бала). Другое месца ў каманды «Black band» (155 балаў), трэцяе — «Непохожіе»  (152 бала). Па выніках двух тураў з вялікай перавагай лідыруе каманда «ВК» (405), затым дружна ідуць «Black band» (385) і «Непохожіе» (385).

Члены журы былі вельмі ўражаны гульнёй. Дырэктар ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Смаргоні» Ала Анатольеўна Коваль зазначыла, што вельмі перажывала за ўсе каманды, таму што іх удзельнікамі былі не толькі яе вучні, але і калегі: «Вельмі вамі ўсімі ганаруся». Дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні кс. Алег Жураўскі SDB таксама пахваліў моладзь і падзякваў настаўнікам за тыя глыбокія веды, якія паказалі ўдзельнікі гульні. Вечар скончыўся сумеснай малітвай і «слоўкам на дабранач».

Нагадаем, што першы тур моладзевай гульні адбыўся 14 студзеня. Наступны, трэці, тур II «Бітвы мікрараёнаў» — спартыўны, адбудзецца 11 сакавіка 2017 г.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Будзьце уважлівымі і годнымі вечнага жыцця, каб адказвалі на ласку, якую Бог дае нам няспынна.

Св. Ян Боско