Панядзелак, 30 Студзень 2017 22:58

Ксёндз Боско-фокуснік завітаў да дзяцей у Мінску

Аўтар Кандыдат у аніматары Анастасія Барысік с. Валянціна Кот FMA

Свята ў гонар cвятога Яна Боско працягвалася ў мінскім араторыі таксама і ў нядзелю 29 студзеня. Сустрэча са Святым была арганізавана для дзяцей і іх бацькоў. Таксама ў гэты дзень маленькія парафіяне павіншавалі свайго пробашча, які абыходзіў свой дзень нараджэння.

Падчас святой Імшы, з якой пачынаецца любое святкаванне, ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB разважаў разам з дзецьмі на тэму шчасця. Асаблівым чынам ён падкрэсліў, наколькі важней быць шчаслівым духоўна, чым матэрыяльна.

Святочная праграма ў араторыі распачалася з таго, што дзеці павіншавалі кс. Аляксандра Мятліцкага SDB з днём нараджэння. Спеў, віншаванні, падарунак былі знакам удзячнасці для святара за яго адданае служэнне і адкрытае сэрца асабліва для малодшых і іх сем’яў. А потым да дзяцей завітаў кс. Боско і яго сябар фокуснік. Госці былі вельмі рады бачыць дзяцей і паказалі ім некалькі цікавых фокусаў.

Таксама кс. Боско распавёў маленькім гісторыю са свайго жыцця пра цуд з памнажэннем каштанаў, якія яго выхаванцы елі на абед. Справа была толькі ў тым, што хлопцаў было намнога больш, чым каштанаў, і таму многія маглі застацца галоднымі. І вось тут здарыўся цуд памнажэння, таму што кс. Боско даверыў гэтую справу Богу праз заступніцтва Марыі Успамогі Хрысціянаў.  Праз гэтую гісторыю кс. Боско падкрэсліў, што ў жыцці кожнага чалавека адбываюцца маленькія цуды, якія мы незаўсёды заўважаем. Пасля супольнай малітвы і цікавай гісторыі ўсіх чакаў салодкі пачастунак.

Як казаў святы Ян Боско: «Я заўсёды думаю пра вас. У мяне толькі адно жаданне, каб вы заўсёды былі шчаслівымі, цяпер і ў вечнасці». Няхай гэтае шчасце і радасць, якую дзеці атрымліваюць падчас святаў, будзе іх сапраўднай радасцю, якая нараджаецца ад паяднання сэрца з Богам і адчування Яго любові праз любячых бацькоў.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі мы хочам, каб нашы духоўныя і матэрыяльныя інтарэсы былі ў парадку, мы павінны найперш клапаціцца пра тое, каб у парадку былі Божыя інтарэсы. Паклапоцімся пра духоўнае і маральнае дабро нашага бліжняга праз міласэрныя ўчынкі

Св. Ян Боско