Панядзелак, 30 Студзень 2017 10:17

Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр: святы Ян Боско вучыць нас перажываць жыццё — як свята, а веру — як шчасце

Аўтар Салезіянка супрацоўніца Ірына Петрусевіч

Кульмінацыяй першых Салезіянскіх дзён моладзі ў Беларусі стала святкаванне 28 студзеня ўрачыстасці святога Яна Боско, на якое ў мінскую парафію Святога Яна Хрысціцеля прыбылі члены ўсёй Салезіянскай сям’і і салезіянскіх парафій Беларусі. Важным госцем урачыстасці стаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, якога рэгіянальны настаяцель кс. Віктар Гайдукевіч SDB прывітаў «як свайго сярод сваіх», і падкрэсліў, што праз яго асобу ўся Салезіянская сям’я яднаецца са Святым Айцом Францішкам.

Асоба святога Яна Боско для ўсіх удзельнікаў і прыхільнікаў салезіянскай харызмы не кумір, а вялікі прыклад, які яны імкнуцца наследваць. Ён — айцец і настаўнік моладзі, заснавальнік Салезіянскай сям’і. Святы святар, які на першае месца заўсёды ставіў Бога. Апякуючыся маладымі людзьмі, ён не дазваляў ім затрымлівацца на любові да сваёй асобы, але праз гэтыя міжчалавечыя адносіны вучыў маладых любіць Бога, як гэта рабіў ён сам. Асноўнымі слупамі жыцця ён ставіў Найсвяцейшы Сакрамэнт і пашану да Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. Ён той, хто прыпадабняючыся Хрысту, шукаў ў самым «цяжкім» падлетку зерне дабрыні і засяроджваўся на яго ўзрастанні. Ён — майстар бачыць Божую прысутнасць у штодзённасці і праз спаўненне сваіх абавязкаў ісці да святасці. Ён той, хто заклікае жыць настроем Пасхі і быць заўсёды радаснымі, каб супрацьстаяць злу, але пры ўмове, што гэтая радасць мае свае карані ў Богу, у частай споведзі і Эўхарыстыі, у свядомасці быцця Божымі дзецьмі, што не дазваляе адчуваць сябе самотнымі і смутнымі.

На гэтым таксама засяродзіў увагу вернікаў арцыбіскуп Габар Пінтэр падчас урачыстай святой Імшы ў гонар святога Яна Боско. Апостальскі Нунцый падзяліўся, што асоба Святога вельмі блізкая яму, таму што ён пазнаёміўся з ім у сем гадоў, і калісьці на працягу трох гадоў таксама праходзіў святарскую фармацыю ў салезіянскім таварыстве і складаў там часовыя манаскія абяцанні. Ён распавёў, што заўсёды адзначае ўспамін святога Яна Боско, але ў гэты дзень упершыню святкуе яго разам з Салезіянскай сям’ёй ў якасці арцыбіскупа. Распавядаючы пра Святога,  арцыбіскуп Габар падкрэсліў, што для яго святы  Ян Боско — жыццёвы арыенцір, які не дазваляе збіцца са шляху да Бога.

Сярод галоўных духоўных аспектаў духоўнасці святога Яна Боско Апостальскі Нунцый выдзеліў радасць і надзею, служэнне адзінству Касцёла і любоў да Святога Айца і дыпламатычныя здольнасці.

Нунцый Габар растлумачыў, што радасць і надзея, якія паходзяць ад глыбокіх адносін з Богам (і гэтыя словы — Gаudium et Spes — сталі дэвізам біскупскага служэння Яго Эксцэленцыі) — гэта тое, чым быў адметны святы святар.  

«Ён вучыць нас перажываць жыццё — як свята, а веру — як шчасце».

«...радасць — аснова нашай святасці. Свята з’яўляецца добрай магчымасцю для таго, каб навучыцца гэтай радасці, будаваць сяброўскія адносіны, развіваць свае таленты, несці радасць і надзею іншым». Далей арцыбіскуп звярнуў увагу на святога Яна Боско-дыпламата, які часта быў пасрэднікам паміж Святым Пасадам і свецкай уладай пры назначэнні новых біскупаў, пасрэднікам ў заключэнні працоўных дагавораў паміж маладымі людзьмі і працадаўцамі. Як сапраўдны дыпламат, ён умеў убачыць не тое, што раздзяляе, але тое, што аб’ядноўвае, і таму гэтыя перагаворы і пасрэдніцтва мелі станоўчыя вынікі. Як падкрэсліў іерарх, Святы быў заўсёды паслухмяны Пантыфіку і без ваганняў выконваў яго просьбы. Святы Айцец з’яўляўся для Яна Боско «гарантам сапраўднасці і аўтэнтычнасці веры, бачным знакам адзінства ўсяго Касцёла»

Завяршаючы гамілію, арцыбіскуп звярнуўся да святога Яна Боско з просьбай навучыць нас з радасцю выконваць нашыя абавязкі і заўважаць любячую прысутнасць Бога ў штодзённым жыцці. «Святы Ян Боско, дапамагай нам будаваць адзінства Касцёла і любіць Святога Айца, нават тады, калі ўсе будуць супраць яго, барані нас ад дэструктыўнай крытыкі, дапамагай памятаць пра яго ў нашых малітвах. Святы Ян Боско, вучы нас быць дыпламатамі ад Бога ў будаванні Божага Валадарства. Амэн». — сказаў Апостальскі Нунцый.

Напрыканцы святой Імшы Рэгіянальны настаяцель ад імя ўсёй Салезіянскай сям’і  падзякаваў Яго Эксцэленцыі за прысутнасць і супольную малітву і ўручыў ганароваму госцю падарунак — пладовае дрэва. Ксёндз Віктар падкрэсліў, што менавіта дрэва з’яўляецца сімвалам Салезіянскай сям’і, і гэты падарунак — знак таго, што салезіянская харызма ў Беларусі жывая і прыносіць свае плады, але таксама, як і любая жывая істота, патрабуе айцоўскага клопату, аб чым Салезіянская сям’я просіць Яго Эксцэленцыю.

Святкаванне ўрачыстасці працягнулася ў араторыі, дзе была прадстаўлена праграма «Дон Боско-шоў», і падрыхтавана святочная вячэра для ўсіх прысутных. Таксама ў межах праграмы прайшло ўзнагароджанне каманды пераможцаў і лепшых гульцоў турніру па мікра-футболе «Кубак Дона Боско VI», медалі ім уручыў шаноўны госць арцыбіскуп Габар Пінтэр. Завяршылася ўрачыстасць спецыяльным благаслаўленнем сабраных праз заступніцтва Марыі Успамогі Хрысціянаў. Таксама Яго Экцэленцыя падрыхтаваў «слоўка на дабранач». Яго галоўная думка заключалася ў некалькіх парадах Святога Айца для дасягнення святасці. Каб дасягнуць святасці, прыкладам якой з’яўляецца святы Ян Боско і іншыя салезіянскія святыя, трэба памятаць, што: па-першае, святасць — гэта асабісты шлях у прысутнасці Бога, які ніхто іншы не можа прайсці за чалавека, святасць не дасягаецца раптоўна і патрабуе мужнасці. Па-другое, святасць — гэта ласка, нельга стаць святым самастойна, аб гэтай ласцы і гатоўнасці яе прыняць мы правінны прасіць Бога. І нарэшце, святасць не вядзе да неймаверных пакутаў, але з’яўляецца шляхам штодзённых навяртанняў.

«Калі вы здольныя не гаварыць дрэнна пра іншага, вы гатовыя быць залічанымі да ліку святых. Маленькія рэчы. Прыкусі трошкі язык. Ніякіх надзвычайных пакутаў.  Шлях да святасці просты, не вяртайцеся назад, але заўсёды рухайцеся наперад! Адвагі!» — заахвоціў іерарх.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Трэба каб былі укрыжаваныя разам з Езусам Хрыстом. Яго крыж з’яўляецца флагам і штандарам. Хто не хоча яго наследваць, не годзен быць яго вучнем

Св. Ян Боско