Пятніца, 06 Студзень 2017 13:42

Міжінспектарыяльная сустрэча салезіянаў-асыстэнтаў адбылася ў Познані

Аўтар Міхал Радзевіч SDB

З 27 па 30 снежня ў Познані адбылася міжінспектарыяльная сустрэча салезіянскіх асыстэнтаў — семінарыстаў, якія знаходзяцца на практыцы. На сустрэчу прыехала больш за 20 асыстэнтаў, якія праходзяць практыку ў розных краінах: у Расіі, Італіі, Ірландыі, Англіі, Польшчы і Беларусі. З Беларусі на сустрэчы прысутнічала тры семінарасты: Юрый Пашкавец SDB, Марк Найдзіч SDB і  Міхаіл Радзевіч SDB.

У першай палове кожнага дня праходзілі канферэнцыі. Тэмай разважанняў першага дня быў давер іншага чалавека. Праз шчырасць, пашану другой асобы, падтрымку ў розных момантах жыцця, сумленнасць у адносінах, прыняцце другой асобы такой, якая яна ёсць і іншае можна атрымаць давер да сябе ад другога чалавека. У другі дзень асістэнты разважалі аб малітве. Сабрат Уладыслаў Калышка SDB прыпомніў аб важнай частцы малітоўнага жыцця кожнага салезіяніна, якой з’яўляецца разважанне і асабістая малітва. Падчас разважання чалавек атрымлівае духоўную сілу і падтрымку ў штодзённым жыцці, а праз асабістую малітву — моц і вытрымку, каб ісці за голасам Езуса Хрыста. «Бо калі салезіянін перастае маліцца, яго пакліканне пачынае паміраць,»  — падкрэсліў сабрат.

Цэнтральным момантам кожнага дня была Эўхарыстыя, якая давала аказію сустрэцца з жывым Езусам у Слове Божым і святой Камуніі. Пасля абеду асістэнты праводзілі час разам, шпацыруючы па горадзе, наведваючы басейн альбо кінатэатр.

Самым цікавым часам, на думку маладых салезіянаў, было тое, што яны мелі час на адкрытую размову паміж сабою, дзелячыся сваім практычным досведам перажывання асыстэнцыі. Дзякуючы таму, што салезіяне-асыстэнты служаць у розных краінах, было цікава даведацца, як выглядае іх практыка за мяжой.

Час праляцеў вельмі хутка, але гэтая сустрэча асыстэнтаў прынясе свой плён у жыцці і служэнні кожнага маладога салезіяніна.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі хочаце, каб жыццё ваша было поўным радасці і супакою, вы павінны старацца жыць у ласцы Божай.

Св. Ян Боско