Аўторак, 13 Снежань 2016 13:57

У Смаргоні адсвяткавалі 175-ы Дзень нараджэння Араторыя

Аўтар Вераніка Рогач

Салезіянская сям’я ў Смаргоні (святары, сёстры, салезіяне супрацоўнікі, аніматары, дзеці і моладзь) ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі сабралася разам, каб узнесці свае малітвы да Марыі і адсвяткаваць 175-ы Дзень нараджэння Араторыя. Менавіта 175 гадоў таму у гэты дзень у Турыне (Італія) нарадзіўся першы салезіянскі араторый.

Сустрэча  распачалася  святой Імшой з урачыстым благаслаўленнем праз заступніцтва Маці Божай Успамогі Хрысціянаў на заканчэнне. Удзяліў яго прысутным  дырэктар мясцовай салезіянскай супольнасці кс. Алег Жураўскі SDB.

Працяг святкавання адбыўся ў араторыі. Напачатку святары, сёстры, дзеці і моладзь сабраліся разам у «Марыйнае кола»,  каб памаліцца адно  «Вітай, Марыя», як 175 гадоў таму учыніў гэта святы Ян Боско разам з першым хлопцам араторыя Барталамео Гарэллі. Канешне, свята не абыйшлося без традыцыйнай салезіянскай гульні «Хуста» і сямейных размоў за кубкам гарбаты. А святары і сёстры падрыхтавалі некалькі сюрпрызаў: смачны торт са свечкамі і святочны фейерверк на вуліцы.

Свята завяршылася невялікай сцэнкай пра сустрэчу ксяндза Боско з Барталамео Гарэллі і нараджэнне салезіянскага араторыя. Ксёндз Алег Каралёў SDB пажадаў дзецям і моладзі давяраць Марыі, як гэта заўсёды рабіў святы Ян Боско. Разыходзіліся госці з узнёслым настроем, з падзякай Пану Богу за сустрэчу і з настаўленнем ксяндза Боско: «Д’ябал баіцца радасных людзей».

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Найсвяцейшае Сэрца Езуса ёсць крыніцай ўсялякага благаслаўлення і розных ласк.

Св. Ян Боско